У Мінску 4 чэрвеня пасля цяжкай хваробы памёр мовазнаўца, перакладчык, педагог і журналіст Юрась Бушлякоў.
29 траўня яму споўнілася 40 гадоў.
Пасля заканчэння мінскай сярэдняй школы з залатым медалём Юрась паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў з чырвоным дыпломам.
У 2003 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму “Моватворчая практыка Янкі Станкевіча (з гісторыі нармалізацыі беларускай мовы)”. Выкладаў у БДУ, у Нацыянальным гуманітарным ліцэі ў Мінску, у Карлавым універсітэце (Прага).
Журналістыкай Юрась займаўся ад 1994 году, працаваў у незалежных СМІ, на Радыё Рацыя, апошнія дзесяць гадоў — на Радыё Свабода.
У Юрася Бушлякова засталіся бацькі і сын.
Развітанне адбудзецца ў Мінску 6 чэрвеня з 13 да 14 гадзіны ў рытуальнай зале №1 па вуліцы Альшэўскага, 12.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” смуткуе з нагоды смерці Юрася Бушлякова і выказвае шчырыя спачуванні яго родным, блізкім і ўсім хто яго ведаў. Светлая памяць!