У Беларусь вярнуўся яшчэ адзін асобнік Статута ВКЛ

Музей гісторыі Магілёва стаў уладальнікам яшчэ аднаго асобніка Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Старадрук датуецца 1774 годам.

Музей гісторыі Магілёва стаў уладальнікам яшчэ аднаго асобніка Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Старадрук датуецца 1774 годам.

Яго выдрукавалі ў Вільні на польскай мове. Выданне ўяўляе сабой канвалют з трох асобных выданняў. Акрамя Статута, у кнізе змешчаны «Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага» і «Інструктаж».

«Унікальнасць гэтага экзэмпляра ў тым, што ён належаў шляхціцу з Магілёўшчыны Антонію Сабанскаму. У другой палове 18 стагоддзя Сабанскі жыў у Мсціславе. З нашых зямель гэты Статут трапіў на ўсход. А набыты ён быў у прыватнага калекцыянера ў Расіі, у Кастраме. Сродкі на яго набыццё даў бізнесовец Валеры Казакоў», — паведамілі Свабодзе ў музеі гісторыі Магілёва.

Першы экземпляр Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года папоўніў экспазіцыю магілёўскага музея ў ліпені 2012 года. Ён быў выдадзены на старабеларускай мове пры канцы 16-га альбо на пачатку 17-га стагоддзя ў друкарні Мамонічаў у Вільні. Грошы для набыцця Статута збіралі талакой.

Статут — найвышэйшы заканадаўчы акт Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага, папярэднік еўрапейскіх канстытуцыяў.

Акрамя Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, талакой у Музей гісторыі Магілёва былі набытыя старадрукі «Часоўнік» (1773 года выдання), Псалтыр (1773 года), а таксама кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі», якую надрукавалі ў 1676 годзе ў Франкфурце-на-Майне.

"Радыё Свабода"