Калі беларус стане палякам

Нетыповы прагноз пра будучыню Беларусі далі журналісту «Салідарнасці» за куфлем піва ў Варшаве польскія калегі.

Па словах маіх знаёмых, аб вяртанні «Крэсаў Усходніх» у Польшчы даўно ніхто не думае і не марыць. Хоць бы таму, што імі баяцца задушыцца. Заходнія немцы ўжо 20 гадоў вымушаныя ўкладваць грошы ў былую ГДР. Палякі, бачачы такі прыклад, не гараць жаданнем займець на сваю галаву тэрыторыю з састарэлай інфраструктурай. Ім і так трэба шмат чаго вырашыць.

Да прыкладу, прыдумаць, як спыніць змяншэнне насельніцтва. Не сакрэт, што дасягнуўшы высокага ўзроўню дабрабыту, жыхары заходніх краін размнажаюцца вельмі неахвотна. У Польшчы да таго ж маладое насельніцтва з'язджае на працу ў Англію і Ірландыю.

Замяніць іх могуць эмігранты. З іх, на погляд знаёмых польскіх журналістаў, самыя перспектыўныя — беларусы і ўкраінцы. Таму што працуюць яны «як нявольнікі».

Гэта раз. Два: на шыю дзяржаве не вешаюцца, фінансавай дапамогі не выбіваюць. Тры: ўжо наступнае пакаленне беларусаў і ўкраінцаў выходзіць свядомымі палякамі.

Праблемы нашых людзей з нацыянальнай самасвядомасцю ўсім вядомыя. У іншай краіне беларус лёгка раствараецца сярод карэннага насельніцтва.

А з палякамі ў нас наогул не так шмат культурных адрозненняў.

І кажуць знаёмыя журналісты, што Польшчы было б нядрэнна максімальна спрасціць умовы міграцыі для беларусаў. Палегчыць умовы працаўладкавання.

Не ведаю як у іншых, але калі гляджу на ўзровень дабрабыту сваякоў і знаёмых, то мяне не пакідае адчуванне, што як толькі знікнуць бар'еры для выезду на Захад, то паўкраіны зваліць адразу.

Нашы ўлады хай несвядома, але паспяхова працуюць на тое, каб план гэты быў рэалізаваны. Яшчэ некалькі гадоў «ручнога» кіравання эканомікай — і з'ехаць захоча нават сабака Шарык, які жыве ў маёй бабулі і ў жыцці не бачыў сабачага корму. Вось ужо сапраўды «пятая калона».

Руслан Гарбачоў,  "Салідарнсць", пераклад "Нашай Нівы"