Шляхамі Янкі Купалы

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску адкрыліся тры абноўленыя залы, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта.

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску адкрыліся тры абноўленыя залы, прысвечаныя жыццю і творчасці паэта. "Да 130-годдзя нараджэння Янкі Купалы ў музеі створана новая экспазіцыя, якая месцілася пакуль у трох залах. Апошняя экспазіцыя ў музеі была створана ў 1976 годзе. Настаў час фундаментальна змяніць нашу экспазіцыю", - паведаміла загадчыца аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы музея Глафіра Кушаль.

У нас цікавае мастацкае вырашэнне экспазіцыі. Скразная тэма, якая праходзіць праз усю экспазіцыю, якая змешчана з трох залах, гэта тэма шляхоў. Гэта шляхі продкаў Янкі Купалы, яго бацькоў на нашай беларускай зямлі, гэта шляхі самога Янкі Купалы па Беларусі і да Беларусі. Можна таксама сказаць, што гэта шляхі нас, нашчадкаў паэта, асэнсаванне ў спасціжэнні неўміручай спадчыны Янкі Купалы.

Паводле слоў Глафіры Кушаль, у кожнай зале музея Янкі Купалы з'явіўся манітор, на якім паказваюць рэчы, што не ўвайшлі ў асноўную экспазіцыю, - гэта кнігі, лісты і рукапісы. На плазменных панэлях віртуальныя экспанаты можна паглядзець і пагартаць. У першай зале, прысвечанай нараджэнню Івана Луцэвіча, транслюецца 3D-фільм пра свята Купалле, спецыяльна зняты супрацоўнікамі музея. Упершыню ў экспазіцыю ўвайшла гісторыя рода Луцэвічаў, а таксама пашпарт Купалы 1907 года.

Радыё Рацыя

Фота Вольгі Кляшчук, БелаПАН