«Азіраючыся расой выетымі вачыма»

Выйшлі ўспаміны Барыса Данілюка.

Пабачыў свет новы том Беларускай мемуарнай бібліятэкі, які склалі ўспаміны дзеяча беларускай эміграцыі ў ЗША Барыса Данілюка (1923–2011).

«Азіраючыся расой выетымі вачыма» аўтар пісаў у апошнія гады жыцця, адначасова складаючы «Здымкавы летапіс жыцця і дзейнасці беларускае эміграцыі ў Амерыцы ды іншых заходніх краінах». І першы, і другі творы засталіся няскончыныя.

Найбольш падрабязна ва ўспамінах распавядаецца пра даваеннае і ваеннае жыццё Барыса Данілюка на Слонімшчыне.

Са старонак мемуараў паўстае рэальная, негераізаваная постаць бацькі аўтара — айца Хведара Данілюка (1887–1960), падаюцца побытавыя падрабязнасці жыцця сям’і праваслаўнага святара ў міжваеннай Заходняй Беларусі з перыядычнымі пераездамі з аднаго месца на другое, неабходнасцю наноў адбудоўваць гаспадарку, залежнасцю ад дабрабыту вернікаў і настрою царкоўных уладаў.

Барыс Данілюк распавядае пра сваё школьнае навучанне, асаблівасці дачыненняў паміж вучнямі, характарызуе настаўнікаў, згадвае пра сваё выключэнне з гімназіі ў Слоніме. Адлюстроўваюцца ва ўспамінах нюансы складаных беларуска-польскіх дачыненняў.

Падрабязна распавядаецца і аб прыходзе савецкай ўлады, тыя складанасці, якія яна прынесла сям’і святара, адчуванне безвыходнасці.

Не пазбягае аўтар і падзей нямецкай акупацыі. Малады хлопец — супрацоўнік беларускай адміністрацыі на Слонімшчыне — Барыс Данілюк прызнаецца ў тых надзеях на беларусізацыю грамадскага жыцця, якія ён меў і якія былі далёка не рэалізаваныя як праз немцаў, так і праз беларусаў.

Апісвае Данілюк і падзеі Другога Усебеларускага Кангрэсу, і настрой адразу пасля яго, і адметнасці бежанства з Беларусі праз Польшчу ў Нямеччыну, ды паўгалоднае там існаванне.

Асаблівасці жыцця ў Берліне перад канцом вайны ды пазней у французскай зоне акупацыі Нямеччыны — гэта апошнія старонкі падрабязных успамінаў аўтара.

Далейшыя падзеі: навучанне ў УНРРАўскім універсітэце ў Мюнхене, выезд у ЗША ды актыўная грамадская дзейнасць у новай краіне — усё гэта Барыс Данілюк не паспеў выкласці гэтак жа паслядоўна, як папярэднія гады свайго жыцця. Аднак выдаўцы, для стварэння завершанага аповеду, скарысталі ў кнізе невялікія ўспаміны, напісаныя дзеячам на просьбу эміграцыязнаўцы Лявона Юрэвіча для перыёдыка «Запісы БІНіМ». Храналагічна мемуары даходзяць да пачатку 1970-х гг., спыняючыся на смерці ўладыкі Васіля (Тамашчыка).

Успаміны багата ілюстраваныя здымкамі з сямейнага архіву. У тым ліку тут ёсць рэдкія выявы падзеяў на Слонімшчыне часоў Другой сусветнай, яны дапоўненыя грунтоўнымі каментарамі.

* * *

Данілюк, Барыс. Азіраючыся расой выетымі вачыма: Успаміны. Мінск: Лімарыус, 2012. — 524 с. — (Беларуская мэмуарная бібліятэка).

Раней у Беларускай мемуарнай бібліятэкі выйшлі «Успаміны пасла» Аляксандра Стагановіча, мемуары ягонай жонкі Марыі Стагановіч, успаміны дзеяча ХІХ ст. Яўстаха Янушкевіча.

nn.by