Yellow Brick Road прэзентуе першую песню на беларускай мове

Кампазіцыю для англамоўнага гурта перакладалі слухачы Еўрарадыё.

Кампазіцыю для англамоўнага гурта перакладалі слухачы Еўрарадыё. Музыкі выбралі варыянт, дасланы ад асобы пад нікам Байсан. Аўтар тэксту напісаў яго ў цягніку Мінск — Кіславодск па дарозе ў Гомель. Ён не проста пераклаў песню, а надаў ёй свае бачанне і атмасферу, пераасэнсаваўшы “30-я гады” з арыгіналу песні Yellow Brick Road у беларускія “нулявыя”. Адсюль і новая назва — "00's".

“Гэта хутчэй аўтарскае асэнсаванне праз прызму таго, дзе быў аўтар. І цэнтральная думка, як на мяне, якраз пра людзей на краі Еўропы, якімі фактычна з’яўляюцца беларусы. Песня вельмі добра торкае, акурат калі едзеш па сваёй краіне, бачыш яе лёс і думаеш пра яе”, — тлумачыць Байсан.

Наколькі беларуская версія песні ўдалася — вырашаць слухачы, лічыць Байсан. А, як запэўнівае вакаліст Yellow Brick Road Ян Максімовіч, слухачам “нулявыя” ўжо паспелі спадабацца — песня ўпершыню прагучала падчас нядаўняга канцэрту гурта ў расійскай Цверы.

“Нас папрасілі сыграць што-небудзь на мове, — распавядае Ян Максімовіч. — Мы пераглянуліся і вырашылі ўпершыню выканаць песню на публіцы. У выніку злавілі авацыі, і ўсё прайшло нармальна. Я лічу, што павінна быць такая песня ў рэпертуары музыканта”.

Нягледзячы на тое, што спяваць па-беларуску Яну спадабалася, пісаць песні на мове Yellow Brick Road пакуль больш не збіраюцца. Але не адмаўляе і таго, што неўзабаве гурт выкладзе для перакладу некалькі новых песень з будучага альбома.

“Гэта вельмі цяжка — пакласці беларускую мову на нашу музыку, а тым больш на матэрыял, які мы рыхтуем цяпер. Нейкія песні “ад душы” мы абавязкова перакладзем. Але пра тое, каб зрабіць афіцыйны рэліз на мове, мы пакуль не думалі. А ўвогуле ідэя класная, мне падабаецца”.

euroradio.by