У Жэневе абмяркуюць сітуацыю з «Гранітам»

Сітуацыю, у якой апынуліся незалежныя прафсаюзы Беларусі, абмяркуе Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы.

Сітуацыю, у якой апынуліся незалежныя прафсаюзы Беларусі, абмяркуе Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы.

Яго паседжані пачынаюцца сёння ў Жэневе. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук агучыць факты парушэння правоў прафсаюзаў і актывістаў. Пры разглядзе беларускага пытання галоўнай стане сітуацыя на вытворчым аб’яднанні «Граніт» у Мікашэвічах. Адміністрацыя гэтага прадпрыемства доўгі час чыніць перашкоды дзеля рэгістрацыі першаснай суполкі незалежных прафсаюзаў, звольніла з працы яе кіраўніка Алега Стахаевіча ды некаторых іншых актывістаў. Кіраўніцтва «Граніту» адмаўляе суполцы ў выдзяленні ёй памяшкання. Алег Стахаевіч паведаміў, што рабочыя звярталіся да дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ларысы Вершаловіч. Тая напісала ліст да выканаўцы абавязкаў генеральнага дырэктара «Граніту», прасіла дапамагчы. У гэтыя выходныя Алег Стахаевіч атрымаў адказ ад кіраўніцтва прадпрыемства: «Гэта — чарговая адпіска. Ніхто не хоча іці нам насустрач. Тут шмат наліта вады — на поўныя дзьве старонкі. Асабліва „спадабаўся“ мне адзін абзац:

„Хачу звярнуць Вашу ўвагу на тое, што з улікам нормаў Закону Рэспублікі Беларусь ад 22.04.1992 году „Аб прафесійных саюзах“ наймальнік прадстаўляе ў карыстанне неабходнае для дзейнасці абсталяванне, памяшканні, транспартныя сродкі і сродкі сувязі ў адпаведнасці з дамовай (пагадненнем) толькі прафсаюзам, якія дзейнічаюць у арганізацыі“. Сэнс тут такі — вось у нас афіцыйныя прафсаюзы дзейнічаюць. А вы нібыта не дзейнічаеце». Юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова тлумачыць: «Кіраўніцтва „Граніту“ адказвае: незалежны прафсаюз не дзейнічае. Гэта такая непісьменная форма адказу. Аднак закон аб прафсаюзах сфармуляваны так, што наймальнік сапраўды не абавязаны гарантаваць такія рэчы. Абавязку прадставіць юрыдычны адрас альбо памяшканне для размяшчэньня кіраўнічага органу першаснай арганізацыі ў нашым заканадаўстве не зафіксавана. У законе сказана: па дамоўленасці. Але гэта не абавязак, а права наймальніка. Яны маглі даць гарантыйны ліст, у іх там памяшканьняў шмат, яны маглі заключыць дамову аб арэндзе. Але яны гэтага не робяць». Якіх рашэнняў можна чакаць у Жэневе? — пытаюся ў намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Генадзя Фядыніча:

«Тут размова можа ісці пра прыняцце спецыяльнага параграфу пра Беларусь. Найхутчэй так можа быць, таму што парушэньні відавочныя. І жахлівыя — у тым ліку. Спецпараграф азначае, што ў Беларусі працягваюцца парушэнні правоў працоўных і прафсаюзаў. І калі такі спецпараграф ёсць, то для замежнага бізнесу гэта сыгнал — у гэтую краіну лепш свае грошы не ўкладаць». Чакаюць паведамленняў з Жэневы і ў Мікашэвічах. Алег Стахаевіч адзначае: «Звязваем вялікія надзеі. Трэба прымусіць улады пайсці нам насустрач. Мы ж нічога не робім супрацьзаконнага. Але, на жаль, наша дзяржава не хоча выконваць законы, якія сама ж і напісала». У 2007 годзе за парушэнні правоў прафсаюзаў Еўрасаюз прыпыніў для Беларусі рэжым гандлёвых прэферэнцыяў. Гэта павысіла на 3% экспартнае мыта для беларускіх тавараў. Каб вярнуць прэферэнцыі, беларускія ўлады павінны выканаць 12 рэкамендацыяў МАП. У прыватнасці, яны павінны даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць свае першасныя арганізацыі, даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць пераслед грамадзянаў па прафсаюзнай прыналежнасці.

svaboda.org