У Беларусі зачыніцца больш за 100 школаў

Сёлета ў Беларусі будзе зачынена 114 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рэарганізавана — 96, паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно 16 мая напрэс-канферэнцыі ў Мінску.

Сёлета ў Беларусі будзе зачынена 114 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рэарганізавана — 96, паведаміў намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно 16 мая напрэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, найперш гэта малакамплектныя школы ў сельскай мясцовасці, «існаванне якіх з’яўляецца адной з важных праблем у сістэме адукацыі».

Сёння ў Беларусі 594 школы, ці больш за 17% ад усіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, маюць напаўняльнасць да 50 навучэнцаў, 807 школ, ці 23%, — ад 50 да 100.

За пяць гадоў было закрыта 450 школ, рэарганізавана — 543. Пры рэарганізацыі сярэднія школы галоўным чынам пераходзілі ў базавыя, а базавыя — у пачатковыя, але часам адзначаўся і зваротны працэс.

«Перш чым рэарганізаваць ці закрыць школу, мы праводзім вялікую арганізацыйную працу, прадумваем, каб якасць адукацыі толькі палепшылася, былі вырашаны кадравыя пытанні, пытанне падвозу навучэнцаў», — сцвярджае Фарыно. Будынкі закрытых устаноў адукацыі, як правіла, застаюцца ў сістэме міністэрства. Яны могуць быць выкарыстаны, напрыклад, для размяшчэння ўстановы дадатковай адукацыі.

У наступным годзе Мінадукацыі сумесна з Міністэрствам транспарту і камунікацый мае намер удасканаліць сістэму падвозу вучняў, заявіў Фарыно. Адпаведнае даручэнне дадзена Саўмінам. За апошнія пяць гадоў было набыта 776 аўтобусаў. Усяго дзяцей штодня падвозяць больш за 1 тыс. 200 аўтобусаў. Аднак існуюць праблемы медыцынскага агляду вадзіцеляў, тэхнічнага стану аўтобусаў, штодзённага тэхнічнага абслугоўвання транспартных сродкаў.

Усяго ў Беларусі 3 тыс. 433 школы, у тым ліку пачатковых — 198, базавых — 527, сярэдніх — 2 тыс. 450, гімназій — 216, ліцэяў — 26, кадэцкіх вучылішчаў — 8, гімназій-каледжаў — 5.

nn.by