Пайшоў з жыцця Самсон Палякоў

Журналіст, кінасцэнарыст, адзін з кіраўнікоў кінастудыі «Летапіс».

Самсон Палякоў нарадзіўся ў Віцебску 19 траўня 1937 году. Сваю журналісцкую кар’еру пачаў у газеце «Знамя юности». Журналіст Сяргей Ваганаў пазнаёміўся з Паляковым у рэдакцыі гэтай газеты яшчэ ў 1965 годзе і ўсё жыццё заставаўся яму сябрам: Сяргей Ваганаў: «Я прыйшоў у „Знамя юности“, калі ён ужо быў у ліку карыфеяў. Яны разам са сваім сябрам Аляксандрам Станютам шмат у чым вызначалі „твар“ газэты. Сяброўства з Паляковым моцна на мяне ўздзейнічала». Многія згадваюць Палякова менавіта як добрага і адданага сябра. Сяргей Ваганаў: «Ён вельмі сябраваў з Рыгорам Барадуліным. Яны вучыліся на адным курсе на журфаку. І ў любую гадзіну дня і ночы Рыгор Іванавіч мог яму патэлефанаваць і чытаць яму свае новыя вершы. Думаю, што ён ня будзе гэтага адмаўляць...» З журналістыкі Самсон Палякоў пайшоў у мастацкае кіно. Быў аўтарам сцэнараў фільмаў «Ясь і Яніна» (1974), «Чорная бяроза» (1977), «Пані Марыя» (1979), «Разьвітаньне славянкі» (1985) ды іншых. Уладзімер Халіп згадвае Самсона Палякова як вельмі добрага кінадраматурга: «З ім супрацоўнічалі шмат якія кінастудыі краіны. Па ягоных сцэнарах здымаліся цудоўныя фільмы. На вялікі жаль, не ўсё з таго, што ён пісаў, было рэалізавана. Я чытаў некалькі ягоных сцэнараў проста выдатных, але, на вялікі жаль, былі ўжо іншыя часы і ў кіно былі іншыя зацікаўленні». Менавіта Ўладзімер Халіп запрасіў Самсона Палякова стаць галоўным рэдактарам кінастудыі «Летапіс»: «На пачатку 90-х мы разгортвалі праграму «Адраджэнне» — гэта кінапанарама жыцця краіны на працягу ўсёй яе гісторыі. Мне вельмі быў патрэбны адукаваны, разумны, адданы ідэі беларушчыны чалавек, які мог бы ўзяць на сябе значную частку нялёгкай і няўдзячнай на той час працы. Тады я запрасіў Самсона Палякова. Ён стаў галоўным рэдактарам студыі, а я быў мастацкім кіраўніком.

Тады быў самы цікавы перыяд у жыцці беларускага кінематографу. Бо мы рабілі фільмы толькі пра Беларусь, толькі па-беларуску, і гэтыя стужкі карысталіся найвялікшым поспехам, атрымоўвалі прэстыжныя прызы на міжнародных фестывалях, былі адзначаныя дзяржаўнымі прэміямі Беларусі ў дзвюх намінацыях. Але не ў прызах было задавальненне. На нашыя фільмы ў той час выстройваліся вялікія чэргі, іх дэманстравалі ў кінатэатрах, бо інтарэс да Беларусі, да яе гісторыі, да таго, што было ў яе жыцці, тады быў вялізны ў беларускім грамадстве. Квіткі на нашы фільмы прадавалі па цэнах мастацкіх фільмаў. Але вельмі хутка гэта скончылася. Змянілася ўлада. Прыйшлі людзі, якім беларускія праблемы былі не тое што не даспадобы, а проста чужыя. Студыя трапіла ў апалу. Пачалася блакада. Нам адрэзалі кінатэатры. Апошняй не здавалася «Зьмена». І на тэлебачанні вельмі хутка нам далі зразумець, што калі мы і далей будзем працягваць беларускую тэматыку і не будзем ствараць фільмы пра тое, які ў нас цудоўны правадыр, то і яны не змогуць дэманстраваць. Аднойчы калі я ішоў на студыі, то пабачыў, як з-за кожнага куста палезлі «квадратныя» людзі з рацыямі ў руках. Высветлілася, што гэта найвялкшы адмыслоўца наведаў кінастудыю і вырашыў узяцца за кіно. Пачалі да нас прыходзіць камісіі, праверкі, але не змаглі нічога дакапацца і не знайшлі больш разумнага, як зачынілі нашую студыю «на ідэалагічны карантын». І праз два гады першы фільм, які адтуль выйшаў пасля «карантыну», называўся «Белоруссия — страна подлинной демократии». За гэты час, шмат у чым дзякуючы Самсону Палякову, студыя стварыла 150–200 фільмаў па нашай гісторыі, пра выдатных людзей Беларусі — і пра Барадуліна, і пра Быкава, і пра Ларысу Геніюш, пра Ўсяслава Чарадзея. З намі супрацоўнічалі Міхась Ткачоў, Алесь Марачкін, Васіль Быкаў і шмат хто яшчэ. Гэта быў залаты перыяд у разьвіцці беларускага кінематографу. Ёсць выдатнае беларускае кіно. Калісьці Янка Брыль, яшчэ тады прыйшоўшы да нас на студыю, выказаў непакой: «Як бы ня знішчылі гэтыя фільмы». У мяне таксама ўзнікае цяпер гэтая трывога, бо гэтыя фільмы пад вялікім замком, іх ніхто не паказвае«. На пачатку 2000-х Самсон Палякоў выехаў у Ізраіль, дзе жывуць ягоная дачка і ўнукі. Сяргей Ваганаў: «Ён, канечне, не ўпісаўся ва ўсе гэтыя змены беларускія, у гэты ўладны лад, у гэты рэжым. Але з'ехаў ён у Ізраіль праз хваробу сэрца. У Ізраілі яму працягнулі жыццё гадоў на трынаццаць. Але яго ўвесь час цягнула на радзіму. Ён ледзьве не кожны год сюды прыязджаў. Ехаў у Маскву спачатку, бо адзінае, што ў яго засталося ад „удзячнай“ радзімы, гэта інваліднае пасведчанне. А ў Беларусь ужо прыязджаў, парушаючы ўсе візавыя рэжымы і межы». Сяргей Ваганаў распавёў, што Самсон Палякоў, якога сябры называлі «Саша», памёр ад разрыву аорты ў ізраільскай клініцы, не дажыўшы менш за месяц да свайго 75-годдзя.
svaboda.org