У бундэстагу распрацавана рэзалюцыя, якая заклікае перанесці хакейны чэмпіянат свету 2014 года з Беларусі

Федэральны сход Германіі (бундэстаг) распрацаваў рэзалюцыю з заклікам байкатаваць хакейны чэмпіянат свету 2014 года, які павінен адбыцца ў Мінску, паведамляе нямецкае выданне Sueddeutsche Zeitung.

Федэральны сход Германіі (бундэстаг) распрацаваў рэзалюцыю з заклікам байкатаваць хакейны чэмпіянат свету 2014 года, які павінен адбыцца ў Мінску, паведамляе нямецкае выданне Sueddeutsche Zeitung.

Паводле інфармацыі крыніцы выдання, праект рэзалюцыі з заклікам перанесці першынство ў іншую краіну распрацавалі фракцыі сацыял-дэмакратаў (СДПГ) і "Зялёных", да работы над праектам далучыліся і іншыя дэпутаты. У рэзалюцыі яны заклікаюць звярнуцца да федэрацыі хакея Германіі, каб тая, у сваю чаргу, выступіла за адмену чэмпіянату свету ў Беларусі на кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF), які пройдзе ў маі ў Хельсінкі. Заявы аб неабходнасці пазбавіць Беларусь права на правядзенне чэмпіянату свету па хакеі сталі з'яўляцца пасля жорсткага разгону 19 снежня 2010 года ў Мінску апазіцыйнага мітынгу нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. У сярэдзіне красавіка, каментуючы для БелаПАН інфармацыю аб тым, што пытанне аб пераносе чэмпіянату свету 2014 года ўключана ў парадак майскага пасяджэння кангрэсу, дырэктар IIHF па сувязях з грамадскасцю Сайман Шэмберг падкрэсліў, што "кожны з 70 членаў IIHF будзе мець магчымасць узняць пытанне аб правядзенні чэмпіянату свету ў Беларусі. І, калі пытанне будзе ўзнята, рашэнне па ім будзе прымаць кангрэс". Месца правядзення чэмпіянату свету па хакеі мянялася толькі аднойчы: пасля таго як у 1968 годзе Савецкі Саюз акупаваў Чэхаславакію, вясновы чэмпіянат свету 1969 года, які планаваўся ў Празе, быў перанесены ў Стакгольм.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН.