Статкевіч напісаў жонцы пра сукамерніка-спецназаўца

Палітык піша, што не будзе прасіць адсадзіць яго ў іншую камеру.

Мікалай Статкевіч канчаткова пацвердзіў інфармацыю пра свайго новага небяспечнага суседа па турэмнай камеры. Нагадаем, 16 красавіка да экс-кандыдата на прэзідэнта нечакана падсадзілі Андрэя Васільева – былога намесніка старшыні камандзіра сумнавядомай вайсковай часткі 3214 (дзе кіраваў Паўлічэнка).

Васільева пакаралі 21-м годам турмы за забойства дзяўчыны. Існуе меркаванне, што Васільеў быў датычны да дзейнасці “эскадрону смерці”, які напачатку 2000-х гадоў знішчаў палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Паводле Мікалая Статкевіча, інфармацыя, якую ён прачытаў у газэтах, праўдзівая, калі казаць пра прозвішча й былую пасаду ягонага суседа. “Але ён чалавек веруючы й на нашых іконках прысягнуў, што нікога па гэтых справах не забіваў. Таму я й ня стаў пратэставаць супраць знаходжання ў адной камеры”, -- піша Статкевіч.

Таксама ў лісце палітык перадае прывітанні вызваленым Саннікаву і Бандарэнку, аднак піша, што для яго шлях на волю праз памілаванне непрымальны. Паводле Статкевіча, ён не можа прынізіць тых людзей, якія збіралі за яго подпісы, якія выйшлі па ягоным закліку на Плошчу.

radyjo.net