Учора ў Мінску адбылося традыцыйнае шэсце "Чарнобыльскі шлях".

Удзельнікі Чарнобыльскага шляху запатрабавалі спыніць "ядзерны генацыд беларускага народа". У Мінску прайшла традыцыйная жалобная акцыя, прымеркаваная да гадавіны чарнобыльскай катастрофы.

Ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыблізна тысяча ўдзельнікаў акцыі прайшлі калонай па тратуарах праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава. Яны неслі сцягі з сімволікай грамадзянскіх кампаній "Гавары праўду!" і "Еўрапейская Беларусь", арганізацыі "Маладая Беларусь", аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", расійскай партыі "Яблоко".

Сёлета "Чарнобыльскі шлях" праходзіў пад знакам адмены будаўніцтва астравецкай АЭС. Адзін з арганізатараў мерапрыемства, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч называе акцыю удалай, нягледзячы на нешматлікасць.

– Людзі, якія прыйшлі на акцыю, думаю, што засталіся задаволеныя. Я лічу, што гэта, безумоўна, пазітыўны вынік акцыі. Можа сапраўды не так шмат людзей прыйшло, як мы спадзяваліся, як хацелася б бачыць на гэтай акцыі. Аднак жывем у такія часы, калі нехта баіцца, нехта не верыць, што праз выяўленне сваёй грамадзянскай пазіцыі можна нешта памяняць. І тут адзінае, што нам належыць рабіць, – гэта працягваць заклікаць людзей выяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю, выказваць свае патрабаванні.

На заканчэнне Чарнобыльскага шляху ў парку Дружбы Народаў побач з плошчай Бангалор адбыўся мітынг, які завяршыўся прыняццем адмысловай рэзалюцыі.

Сярод патрабаванняў у ёй: аднавіць дзеянне закона "Аб сацыяльнай абароне пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС", спыніць выкарыстанне забруджаных зямель, адмяніць усе рашэнні аб будаўніцтве астравецкай АЭС, вызваліць палітычных вязняў і аднавіць іх у грамадзянскіх правах.

Пасля мітынгу частка людзей накіраваліся да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар іконы Божай Маці "Спагнанне загінулых", дзе ўсклалі кветкі.

Пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» былі затрыманыя каля 40 чалавек. Усе яны былі дастаўленыя ў Савецкі і Цэнтральны РУУС. Пра гэта Tut.by распавяла праваабаронца Наста Лойка.

На Міколу Дземідзенку, Міхаіла Мускага і Рамана Васільева ў Савецкім РУУС былі складзеныя пратаколы за дробнае хуліганства. Іх будуць  судзіць сёння ў судзе Савецкага раёна.

Паведаміла пра гэта праваабаронца Наста Лойка:

– У Савецкім судзе судзяць Рамана Васільева, Міхаіла Мушкін, Мікалай Дзімідзенка. Пра большую колькасць мы, на жаль, пакуль не ведаем.

Васьмярых актывістаў расійскай партыі "Яблоко", уключаючы іх лідара Кірыла Ганчарова, міліцыя адпусціла.

Міліцыя затрымала Валянціну Дваракову, якая вітала дэманстрацыю з балкона сваёй кватэры на вуліцы Сурганава, яе адпусцілі  пасля складання пратакола па артыкуле парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Паводле Радыё Рацыя