Мінскія ўлады дазволілі правядзенне "Чарнобыльскага шляху" ў поўным аб'ёме

Мінскі гарвыканкам дазволіў правядзенне акцыі "Чарнобыльскі шлях — 2012" у поўным аб'ёме. Пра гэта паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў акцыі Дзяніс Садоўскі, адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД).

Паводле яго слоў, сёння раніцай заяўнікі акцыі наведалі Мінгарвыканкам, дзе ім быў уручаны пісьмовы дазвол на правядзенне ў сталіцы 26 красавіка гэтай штогадовай акцыі. Арганізатары таксама абмеркавалі з прадстаўнікамі сталічнай адміністрацыі тэхнічныя пытанні, звязаныя з правядзеннем шэсця і мітынгу. Заяўка на правядзенне акцыі была пададзеная 10 красавіка. Арганізатары прасілі дазволіць шэсце з 18.30 да 19.30 ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да парка Дружбы Народаў, дзе яны маюць намер правесці гадзінны жалобны мітынг. Завяршыць мерапрыемства плануецца ўскладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар абраза Божай Маці "Спатоленне загінулых", што побач з паркам. Раней арганізатары "Чарнобыльскага шляху — 2012" заяўлялі, што маюць намер правесці яго "пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС". Акрамя экалагічнай тэмы на "Чарнобыльскім шляху" будуць уздымацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх — вызваленне палітвязняў. "Чарнобыльскі шлях" праводзіцца штогод з 1988 года ў Мінску ў фармаце шэсця, якое заканчваецца мітынгам прадстаўнікоў дэмсіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі акцыю ў традыцыйнай форме.

Сяргей Пульша, БелаПАН