Пацярпеламу ад тэракту замест бальнічнага – пенсія ў 600 тысяч

Праз год пасля тэракта некаторыя ахвяры выбуху працягваюць лячыцца, а некаторых звольнілі з працы... ужо праз 4 месяцы.

Яраслаў Пясецкі – адзін з тых, каго звольнілі. Пакуль 4 месяцы быў на бальнічным, атрымоўваў больш за мільён. Цяпер жа налічваюць толькі пенсію па інваліднасці – 600 тысяч!

"Вылічылі на падставе яго заробку і працоўнага стажу пенсію. Па восені яна складала 600 тысяч, - распавядае маці пацярпелага Наталля. - Да моманту, пакуль інваліднасць не далі, мы не атрымоўвалі нічога з боку чырвонага крыжа і сацыяльнай абароны. Як толькі атрымаў інваліднасць, тут жа далі вазок ды іншыя механічныя прыстасаванні".

"Звыш 4 месяцаў адсутнасці на працы па хваробе – і чалавек можа быць звольнены", – тлумачаць Еўрарадыё у Мінгарвыканкаме. Гэта паводле Працоўнага кодэкса. Але 1 жніўня, толькі праз 3 з паловай месяцы, з'яўляецца ўказ прэзідэнта аб сацыяльнай падтрымцы пацярпелых ад тэракту.

З указа прэзідэнта: "дапамога па часовай непрацаздольнасцi ў сувязі з траўмай альбо наступствамі траўмы, звязанай з актам тэрарызму, прызначаецца ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага (сярэднегадзіннага) заробку за працоўныя дні (гадзіны) па графіку іх працы за ўвесь перыяд, засведчаны лістком непрацаздольнасці".

Але ў гэтым выпадку указ – не указ. Як тлумачаць Еўрарадыё ў сталічным гарвыканкаме, гаворка ідзе толькі пра тое, што бальнічны пацярпелым будзе аплачвацца на 100 працэнтаў, але не значыць, што чалавека не могуць звольніць праз 4 месяцы.

Гэта не абавязак працадаўцы, а толькі права. І той ужо вырашае, як паступаць, тлумачаць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў.

"Няяўка на працу на працягу больш чым 4-х месяцаў запар з-за часовай непрацаздольнасці, калі заканадаўствам не ўсталяваны большы тэрмін захавання месца працы. Гэта не распаўсюджваецца ў тых выпадках, калі траўмы атрыманыя на працы, ці гэта прафесійныя захворванні. Але гэта толькі права наймальніка! Ён можа гэтым скарыстацца, можа не скарыстацца".

Еўрарадыё ведае як мінімум, адзін выпадак, калі дзяржаўная ўстанова скарысталася такім правам адносна пацярпелага ад тэракту – чыноўнік аднаго з міністэрстваў Вадзім Табакоў прызнаўся, што ўжо беспрацоўны.

Звольніць чалавека паводле Працоўнага кодэкса можна ў выпадку, калі ён страчвае працаздольнасць або з-за стану здароўя не можа займаць тую або іншую пасаду.

"Калі напісана, што чалавек не мае права працаваць, то ні адзін наймальнік не мае права яго браць. У нас працоўная толькі 3 група. Калі наймальнік бярэ чалавека на працу, то ў выпадку праверкі можа атрымаць вялікія штрафы", – тлумачаць у Мінгарвыканкаме.

Пацярпелыя, якія атрымалі І або ІІ групы інваліднасці, могуць працаваць толькі, калі ім дазволіць медыцынская камісія.

Звольнілі і пацярпелую ад тэракту настаўніцу Вікторыю Прыліпку. Таксама далі першую групу інваліднасці і звычайную пенсію. Праўда, са школы даслалі ліст, што гатовыя ўзяць на працу зноў, як толькі будзе ў стане, – распавядае яе муж Міхаіл.

"Там бальнічны быў максімальны час, які мог быць, а потым звольнілі. Далі першую групу інваліднасці. Іх не прыраўнялі ні да чаго, звычайныя інваліды".

Сапраўды, у даведках усіх пацярпелых напісана бытавая траўма. Чаму так адбываецца, і чаму да пацярпелых ад тэракту няма асобнага стаўлення, у камісіі гарвыканкама не сталі адказваць, запатрабаваўшы афіцыйны запыт, які мы ўжо паслалі.

euroradio.fm