Дзмітрый Бандарэнка вызвалены з калоніі

Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Дзмітрый Бандарэнка, выпушчаны з магілёўскай калоніі, рады вызваленню, але не лічыць сябе вольным чалавекам у вольнай краіне. Пра гэта ён заявіў журналістам 15 красавіка ў Мінску.
"Не чакаў, што выйду сёння, але рады гэтаму", — сказаў Бандарэнка, падкрэсліўшы, што яго вызваленне ў свята Вялікадня — "гэта добры знак для Беларусі, гэта па-хрысціянску". "Гэта настолькі вялікае свята, што сёння, на мой погляд, павінны быць вызвалены ўсе", — дадаў ён. Паводле яго слоў, пасля пададзенага ім прашэння аб памілаванні ніякага націску і прапаноў аб супрацоўніцтве не было. "У верасні мяне актыўна ўгаворвалі, гаварылі: ты падпісваеш і выходзіш. Але я тады адмаўляўся. Калі б я ведаў, што Саннікаў падпісаў прашэнне ў лістападзе, я б таксама яго падпісаў. Але хачу падкрэсліць: я не прайшоў і сотай часткі таго, праз што прайшоў Саннікаў", — заявіў Бандарэнка. Ён сказаў, што ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва да яго ставіліся "нармальна". "Большую частку тэрміну я правёў у медыцынскай часці", — сказаў Бандарэнка, адзначыўшы пры гэтым, што адчувае сябе "няважна". Каардынатар "Еўрапейскай Беларусі" лічыць, што вызваліць яго павінны былі яшчэ напярэдадні, 14 красавіка. "Мабыць, у калонію позна прыйшла інфармацыя. Таму вызваленне было зусім нечаканым. Думаў, што вызваляць праз два тыдні, а ў выніку паведамілі пра вызваленне і далі на зборы хвілін 12—15", — сказаў Бандарэнка. Ён адказаў на пытанне аб спробах вярбоўкі з боку праваахоўных органаў. "Калі я сядзеў у КДБ, мяне спрабавалі вербаваць. Маглі б выпусціць адразу. Першае пытанне мне было: давайце сайт "Хартыі" будзе працаваць пад кантролем, і мы вас адпусцім. Я адмовіўся", — паведаміў  Бандарэнка. Ён не лічыць сябе вольным чалавекам, які жыве ў вольнай краіне. "Я заложнік, мае родныя і сябры — таксама заложнікі. Рэальныя заложнікі знаходзяцца за кратамі", — сказаў Бандарэнка. Пры гэтым ён нагадаў пра зняволеных Дзмітрыя Дашкевіча, Эдуарда Лобава, прадстаўнікоў анархісцкага руху. "Гэта ненармальна для еўрапейскай краіны ў XXI стагоддзі. Трэба вызваляць гэтых людзей, і як мага хутчэй", — падкрэсліў Бандарэнка. На пытанне, ці плануе працягваць займацца палітыкай, ён адказаў сцвярджальна: "Так. Увогуле, так". На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Бандарэнка быў адной з ключавых фігур каманды кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, які асуджаны па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, адбываў пакаранне, а ўчора, 14 красавіка, быў вызвалены з калоніі "Віцьба-3" паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі. Бандарэнка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені 2011 года яму зрабілі аперацыю на пазваночніку. У канцы студзеня гэтага года Бандарэнку зрабілі больш жорсткімі ўмовы ўтрымання ў калоніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у страю і нават забаранілі карыстацца мыліцай. Пасля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай. Сваякі і праваабаронцы расцэньваюць такія дзеянні ў дачыненні да палітзняволенага як катаванні. Скарга з просьбай расследаваць факты прымянення катаванняў да Бандарэнкі накіравана ў ААН.
Аляксей Арэшка, БелаПАН