Да 2017 года ў цэнтры Мінска плануецца стварыць музейны квартал

Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў на відэабрыфінгу 13 красавіка на інфармацыйна-аналітычным партале Саюзнай дзяржавы (www.soyuz.by).

Паводле яго слоў, ідэя стварэння квартала належыць Аляксандру Лукашэнку. Квартал плануецца стварыць на ўчастку, сумежным з Нацыянальным мастацкім музеем. Паводле слоў Пракапцова, гэта будуць не толькі музейныя залы, зробленыя з улікам усіх сучасных тэхналогій, але і развітая інфраструктура, у тым ліку кіёскі і магазіны па продажы друкаванай прадукцыі.

Са стварэннем музейнага квартала Нацыянальны мастацкі музей зможа выставіць усю сваю калекцыю, у тым ліку арганізаваць экспазіцыю старажытнабеларускага мастацтва, паведаміў Пракапцоў. Сёння яна прадстаўлена ў будынку-прыбудове і складае менш чым 30% усіх экспанатаў, што захоўваюцца ў Беларусі. Таксама можна было б больш прадставіць калекцыю сучаснага беларускага мастацтва і калекцыю мастацтва Усходу, лічыць Пракапцоў. Ён спадзяецца, што са стварэннем музейнага квартала Нацыянальны мастацкі музей будзе поўнасцю адпавядаць еўрапейскаму і сусветнаму ўзроўню.

Першыя крокі па стварэнні музейнага квартала ўжо зробленыя:

год таму Нацыянальнаму мастацкаму музею быў перададзены інтэрнат БДУ па вуліцы Карла Маркса, 24. Цяпер ідзе актыўнае праектаванне гэтага будынка, адзначыў Пракапцоў.

«Безумоўна, вельмі востра стаіць праблема адсялення з сумежных будынкаў жыхароў», — сказаў дырэктар музея. Ён спадзяецца, што будынкі, неабходныя для музейнага квартала, усё-такі ўдасца вызваліць. «Я думаю, музейны комплекс — гэта вельмі важная, знакавая падзея для нацыянальнай культуры, яе развіцця», — заявіў Пракапцоў.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН