Сяргея Каваленку накіроўваюць у Навінкі

Судовая калегія Віцебскага абласнога суда 10 красавіка прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянару. У найбліжэйшы час апазіцыянер будзе адпраўлены ў Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Мінск).

Да атрымання вынікаў экспертызы разгляд касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі на прыгавор суда Першамайскага раёна Віцебска прыпынены. Пра гэта БелаПАН паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на разглядзе касацыйнай скаргі Каваленкі. "Суд прыняў гэтае рашэнне па ўласнай ініцыятыве. Здаецца, узніклі рознагалоссі: калі Сяргей знаходзіўся ў Мінску, псіхіятр выдаў яму заключэнне аб тым, што ён адэкватны, а ў псіхіятрычным аддзяленні калоніі "Віцьба-3" псіхіятр лічыць, што ў яго расстройства здароўя", — расказаў Стэфановіч. Паводле слоў праваабаронцы, экспертыза павінна даць адказ на чатыры пытанні: ці не хварэў Каваленка на псіхічныя захворванні ў момант учынення крымінальнага злачынства 7 студзеня 2010 года, ці мог ён асэнсоўваць свае дзеянні; ці мае падсудны псіхічнае захворванне цяпер; ці патрэбны яму меры прымусовага лячэння; ці мае Каваленка індывідуальныя асаблівасці псіхічнага стану. Дата наступнага судовага разбору не прызначана. Нагадаем, Сяргей Каваленка абскарджвае прыгавор, вынесены яму 24 лютага судом Першамайскага раёна Віцебска пад старшынствам Алены Жук. Суд прызнаў Каваленку вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года і з таго часу знаходзіцца ў зняволенні. У знак пратэсту супраць дзеянняў улад актывіст КХП-БНФ абвясціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі. Цяпер, паводле слоў жонкі Алены, ён важыць каля 45 кілаграмаў замест ранейшых 83. Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні бальніцы на тэрыторыі віцебскай папраўчай калоніі "Віцьба-3". Паводле інфармацыі Алены Каваленкі, 1 красавіка яго пачалі прымусова карміць. Прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах апазіцыянер адмаўляецца, нягледзячы на шматлікія ўгаворванні родных і просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляе, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную цывільную бальніцу. 9 красавіка адміністрацыя калоніі "Віцьба-3" не пусціла да Каваленкі яго адваката. Вызвалення віцебскага апазіцыянера патрабуюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі.