Дзеля будучыні Беларусі

Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч — за скліканне Усебеларускага з’езду.
Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі і Анатоль Грыцкевіч — за скліканне Усебеларускага з’езду.

Падзеі апошняга часу ў жыцці Бацькаўшчыны выклікаюць вострую трывогу за яе будучыню.

Фінансавы крызіс, дэвальвацыя рубля выявілі слабасць айчыннай эканомікі. Распачаты продаж дзяржаўнай маёмасці пагражае стратай нацыянальнага багацця, нажытага многімі пакаленнямі беларусаў. З-за непрадбачлівай і непаслядоўнай замежнай палітыкі наша краіна нястрымна аддаляецца ад дэмакратычнага свету і ўпарта коціцца да міжнароднай ізаляцыі. Настойлівымі высілкамі чынавенства груба і няўхільна дыскрымінуецца нацыянальная культура, выціскаецца са штодзённага ўжытку беларуская мова — падсякаюцца карані нацыі.

Няўмольна паглыбляюцца экалагічныя і дэмаграфічныя праблемы.

Усё гэта ставіць пад пагрозу не толькі перспектывы цывілізаванага развіцця Рэспублікі Беларусь, але і яе незалежнасць.Надышоў час усёй грамадой прааналізаваць сённяшні дзень Радзімы, знайсці шляхі выпраўлення калектыўных памылак і пралікаў, цвяроза і цвёрда паставіць задачы далейшага станаўлення і сцвярджэння нацыянальнай дзяржавы.

Гісторыя ніколі і нікому не даруе бяздзейнасці на складаных, вызначальных яе паваротах. Усе здаровыя сілы нашага грамадства мусяць адкінуць асабістыя і карпаратыўныя амбіцыі дзеля святой і галоўнай мэты — свабоды і шчасця народа.

У газеце «Народная Воля» за 2 сакавіка Уладзімір Някляеў выказаў прапанову аб скліканні Усебеларускага з’езду. Мы падтрымліваем гэтую прапанову — і ўсіх, хто занепакоены лёсам Бацькаўшчыны, заклікаем да яднання!

Давайце схамянёмся. Давайце адумаемся. Давайце згуртуемся. Давайце ўсвядомім нарэшце свой абавязак перад нашчадкамі, перад чалавецтвам, перад гісторыяй, перад Беларуссю.

Мы можам перамагчы. Мы павінны перамагчы. Мы пераможам, калі будзем разам.

Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч, сустаршыні Усебеларускага з’езду за незалежнасць 2000 г.

Наша Ніва