Краіна пенсіянераў

Уцёкі беларускай моладзі за мяжу пакідаюць больш магчымасцяў для людзей сталага веку. Беларусь усё больш ператвараецца ў краіну пенсіянераў. Падаецца, што беларуская моладзь больш патрэбна нашым суседзям, чым сваёй краіне. Піша Руслан Равяка.

Уцёкі беларускай моладзі за мяжу пакідаюць больш магчымасцяў для людзей сталага веку.

Беларусь усё больш ператвараецца ў краіну пенсіянераў. Падаецца, што беларуская моладзь больш патрэбна нашым суседзям, чым сваёй краіне. Піша Руслан Равяка.

— На заводзе падвысілі заробак і я атрымала мільён дзвесце, — расказвае цётачка сваёй знаёмай у баранавіцкім аўтобусе. — Аддала ўсе гэтыя грошы дачцэ, бо яна ж крэдыт за кватэру плаціць і з малым сядзіць. А пенсію, якая больш за мільён, сын забірае, ён у Мінску ў інстытуце вучыцца, стыпендыя ў яго малая, як во маладому пражыць?

На пытанне суразмоўцы, як жа жыве сама кабета, тая адказала: «Дык дзед жа мой таксама працуе і пенсію атрымлівае».

Мой сваяк працуе на пенсіі за 1,4 мільёна. Яшчэ летась хваляваўся, што не працягнуць далей кантракт, а цяпер задаволены: «Начальнік сказаў, што магу працаваць колькі сам захачу». Моладзь на тым прадпрыемстве не хоча рабіць за такія грошы і ўцякае туды, дзе больш заплацяць -звычайна ў Расію.

Знаёмы будаўнік-прараб перадпенсійнага веку скардзіўся, што цяпер на будоўлі працуюць ці старыя ці малыя: «Прыйдзе малады на адпрацоўку пасля ПТВ, толькі навучыш мулярскаму майстэрству, толькі ён кут выкладаць з цэглы злаўчыцца, як сканчаецца тэрмін прымусовай адпрацоўкі… і ўсё, уцякае ў Маскву».

Ад’езд на чужыну маладога пакалення дазваляе людзям сталага веку працаваць даўжэй на пенсіі. Гэтым карыстаюцца і кіраўнікі прадпрыемстваў: старыя людзі больш вопытныя, адказна ставяцца да загадаў і даручэнняў, слухаюцца і не пярэчаць, а галоўнае — не патрабуюць падвышэння заробкаў  і згодныя працаваць за мізэрныя грошы.

Дзяды і бабулькі таксама радыя ўрваць які грошык, каб пасля ў гэты неспакойны і няпэўны час, хоць трохі дапамагчы дзецям ды парадаваць унукаў якім прысмакам і падарункам.

Выходзіць, што ад’езд працоўнай сілы за граніцы Беларусі моцна не паўплываў на становішча ў працоўных калектывах. Наадварот дазволіў многім пенсіянерам перажыць крызіс не жабруючы.

Відаць гэта разумеюць і ўлады. Падтрымліваючы свой электарат, які быў пахіснуўся, яны на гэтым тыдні абвясцілі, што ў краіне будуць прынятыя меры па стымуляванні людзей да больш позняга звароту па пенсіі. Лукашэнка падпісаў загад, скіраваны на тое, каб больш актыўна стымуляваць добраахвотную адтэрміноўку звароту па пенсію.

«Такім чынам мы пенсіянераў вылучаем з агульнай масы ў якасці прыярытэту, а моладзь адштурхоўваем. Тут ужо трэба канкураваць на рынку працы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні ўдасканалення пенсійнага забеспячэння грамадзян.

Беларусь усё больш ператвараецца ў краіну пенсіянераў.

Падаецца, што беларуская моладзь больш патрэбна нашым суседзям, чым сваёй краіне. Бацькаўшчына ж цяпер працуе на падвышэнне дабрабыту людзей сталага веку, не здольная забяспечыць маладзейшых высокімі заробкамі, танным жыллём і якасным узроўнем жыцця.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение