Еўрапарламент заклікаў да новых санкцый і адмены хакейнага чэмпіяната

У рэзалюцыі, прынятай 29 сакавіка, Еўрапарламент заклікае федэрацыі нацыянальных хакейных зборных краін ЕС і ўсіх дэмакратычных нацый узняць на наступным Кангрэсе Міжнароднай федэрацыі хакею пытанне аб пераносе чэмпіянату з Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Наступны Кангрэс адбудзецца ў траўні ў сталіцы Фінляндыі Хельсінкі.

Рэзалюцыя залікае Мінск адмовіцца ад самаізаляцыі і вызваліць зняволеных па палітычных прычынах, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава, Паўла Севярынца, Дзмітрыя Бандарэнку, Сяргея Каваленку. У дакуменце гаворыцца, што  рашэнне адклікаць амбасадараў усіх краін ЕС у Беларусі праваліла спробу беларускіх уладаў падзяліць ЕС у пытанні па санкцыях.

Рэзалюцыя заклікае Савет ЕС, у святле дыпламатычнага канфлікту і далейшага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека, пашырыць мэтавыя эканамічныя санкцыі. Асобным пунктам асуджаецца абразлівая рыторыка Лукашэнкі ў дачыненні да нямецкага міністра замежных справаў Гіда Вестэрвеле.

Еўрапарламент таксама шкадуе аб выкананні смяротных прысудаў Калалёву і Канавалаву, а таксама аб стварэнні ўладамі спіса невыязных.

Перад галасаваннем разгарэліся дэбаты паміж польскімі еўрадэпутатамі Марэкам Мігальскім і Яцэкам Пратасевічам. Першы выступаў супраць пераносу рэзалюцыі з 15 сакавіка:

Мігальскі: "Я тады сказаў, што гэта будзе ўспрынята як сігнал нашай слабасці, і, на жаль, я меў рацыю. Тыя два маладыя чалавекі пазбавіліся свайго жыцця на наступны дзень".

З гэтым абсалютна не пагадзіўся старшыня дэлегацыі па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч.

Пратасевіч: "Я не згодны, што гэта было знакам нашай слабасці і прывяло да выканання смяротных прысудаў. Найбольш верагодна, што сакрэтныя прысуды былі выкананыя яшчэ да таго моманту. Зусім не варта казаць, што нашае рашэнне перанесці прыняцце рэзалюцыі прывяло да пагаршэння сітуацыі"

euroradio.fm