Лідараў беларускай апазіцыі затрымалі па дарозе ў Маскву і Брусэль

Аляксандр Атрошчанкаў, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька былі знятыя з цягніка па дарозе ў Расію. Сёння іх судзяць.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў паспеў патэлефанаваць сайту charter97.org, але гаварыць не мог. На працягу прыкладна пяці хвілін мы чулі, як яго, лідара партыі «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна і старшыню Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку спрабавалі вывесці з купэ цягніка.

Сяргей Калякін патрабаваў людзей, якія затрымлівалі яго, назвацца, казаў, што не згодны ісці з незнаёмымі людзьмі, паколькі ў Беларусі ўжо былі выпадкі палітычных выкраданняў і забойстваў.

У рэшце рэшт, усіх затрымалі і кудысьці адвялі. Потым адабралі тэлефоны. Сувязь з палітыкамі ў цяперашні час адсутнічае.

Пазней стала вядома, што апазіцыянераў знялі з цягніка № 2 Менск-Масква на станцыі Орша, і яны былі дастаўленыя ў Аршанскае РАУС

Вядома, што сёння Аляксандр Атрошчанкаў, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька збіраліся адправіцца ў Маскву, а 29 сакавіка быць у Брусэлі на сустрэчах у Еўракамісіі.

Аляксандр Атрошчанкаў, акрамя таго, быў запрошаны на запіс інтэрв'ю для «Русской службы новостей» у Маскве.

У 9.00 каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» зноў патэлефанаваў сайту charter97.org. Ён паведаміў, што яго і іншых палітыкаў сёння раніцай пачынаюць судзіць. Абвінавачваюць нібыта ў дробным хуліганстве, хоць гэта міліцыя ўварвалася да іх у купэ і зняла з цягніка без тлумачэння прычын.

Як распавёў бацька Аляксандра Атрошчанкава, у 14:00 затрыманыя яшчэ знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання ў Оршы, суд над імі павінен пачацца ў 16:00. У чаканні працэсаў над лідарамі апазіцыі каля будынку Аршанскага суда дзяжураць актывісты апазіцыйных партый і рухаў, а таксама праваабаронцы.

Хартыя'97