Спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь

Лукашэнкаўцы называюць скандалам, што іх перасталі пускаць у ЕС. Пры гэтым сама Беларусь мае даўжэзны «чорны спіс» замежнікаў не першы год. У гэтым спісе ёсць і прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Год таму на санкцыі ЕС і ЗША Беларусь адказала Спісам асобаў, якім уезд у Беларусь забаронены альбо непажаданы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яго ўвайшлі больш за 150 прадстаўнікоў ЕС і ЗША. З другога боку, у рэальнасці ў Беларусі шмат каго з замежных палітыкаў і праваабаронцаў не пускалі даўно: ад Нямцова да Анышкевіча.

У адрозненне ад еўрапейцаў, якія дзейнічаюць адкрыта, беларусы свайго спісу не агалошваюць. Асобы даведваюцца пра яго пасля падачы папер на візу або ўвогуле ў мінскім аэрапорце. Прамільгнула інфармацыя, што ў малой Беларусі спіс персонаў нон грата даўжэйшы, чым у вялікай Расіі.

Хто трапіў у спіс, даведацца немагчыма. Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка паведаміў, што яго ведамства не выдае такую інфармацыю на запыты. І параіў звяртацца ў Міністэрства замежных справаў. Намесніца ж начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына заявіла, што не ведае пра існаванне такога спісу.

«Наша Ніва» сабрала пералік асобаў, якім адмаўлялі ў выдачы беларускай візы. Іншым візу выдавалі, але на мяжы яе анулявалі. Кагосьці высылалі з Беларусі пасля прыезду.

Вось няпоўны спіс людзей, якім за апошні час адмаўлялі ва ўездзе ў Беларусь.

Маркус Лёнінг, упаўнаважаны ўрада ФРГ па правах чалавека — адмоўлена ва ўездзе, люты 2012;

Андрэй Юраў, кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — забаранілі ўезд у краіну, 2011;

Сухайр Белхасэн, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека — адмовілі ў выдачы візы, спаслаўшыся на непажаданаю прысутнасць у Беларусі, кастрычнік 2011;

Шырын Эбадзі, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Астрыд Зам, кіраўніца Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёганэса Рау — ў Нацыянальным аэрапорце Мінск ёй патлумачылі, што яна неўязная, хоць і мае візу, сакавік 2012;

Яўген Вапа, лідар польскіх беларусаў, галоўны рэдактар газеты беларусаў у Польшчы «Ніва» — анулявалі візу і паставілі пячатку ў пашпарт з забаронай на ўезд;

Хведар Нюнька, лідар беларусаў Літвы — адмоўлена ў атрыманні візы, чэрвень 2011;

Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы — знялі з цягніка на мяжы, жнівень 2011;

Ута Цапф, дакладчыца Парламенцкай асамблеі АБСЕ па Беларусі — адмоўлена ў атрыманні візы, май 2011;

Адрыян Севярын, спецдакладчык па сітуацыі ў Беларусі Камісіі ААН па правах чалавека — адмоўлена ў атрыманні візы, 2005;

Артурас Зуокас, мэр Вільні (Літва) — адмоўлена ў атрыманні візы, снежань 2011;

Сяргей Шупа, журналіст Беларускай службы Радыё «Свабода» (Прага) — адмовілі ў выдачы беларускай візы, сакавік 2012;

Юрый Джыбладзэ, сябра Рады пры прэзідэнце Расіі па развіцці грамадзянскай супольнасці — на літоўска-беларускай мяжы беларускія памежнікі паведамілі, што яму забаронены ўезд у краіну, 2011;

Шведскія прафсаюзнікі — анулявалі візы, верасень 2011;

Януш Анышкевіч, віцэ-старшыня Еўрапарламента — не прапусцілі на беларускай мяжы, 2007;

Шэсць чальцоў камісіі польскага Сойма па сувязях з палякамі за мяжой — адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь, люты 2012;

Ларс-Ове Янгсан, кіраўнік рэгіянальнай структуры Сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыі Швецыі — адмоўлена ў выдачы візы, студзень 2012;

Карл Мортан Іверсан, Уільям Нюгард, Трыгве Ослюнд, прадстаўнікі нарвежскага ПЭН-Цэнтра і Нільс-Івар Ларсэн, прадстаўнік дацкага ПЭН-Цэнтра — не атрымалі візы ў аэрапорце «Мінск-2», снежань 2011;

Канстанцін Рауцкі, сябра ўкраінскага праваабарончага цэнтра «Поступ» — забаранілі ўезд у краіну, снежань 2011;

Мары Мэнсан, шведская прадстаўніца арганізацыі Сivil Right Defenders — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Ане Бондэ і Дайва Петкявічуце, нарвежскія прадстаўніцы фонду «Дом правоў чалавека» — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Марыяна Роча, бельгійская прадстаўніца Partnership for Human Rights — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Берыт Ліндэман, прадстаўніца Нарвежскага Хельскінскага камітэта — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Антуан Бернар, галоўны выканаўчы дырэктар Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Уладзімір Сянько, украінскі прадстаўнік Міжнароднай назіральнай камісіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — адмоўлена ва ўездзе як асобе, чыя прысутнасць непажаданая на тэрыторыі Беларусі, верасень 2011;

Нік Стэрдзі і Люсі Эш, журналісты Бі-бі-сі — у чэрвені 2011 ім патэлефанавалі з беларускага пасольства і паведамілі, што іх візы ануляваныя;

Сябры Еўрапейскай народнай партыі — адмовілі ў выдачы віз, май 2011;

Аляксандр Мамай, дарадца мэра Палтавы (Украіна) — адмоўлена ва ўездзе, май 2011;

Юрый Ісаеў, дэпутат Палтаўскага гарадскога савета — адмоўлена ва ўездзе, май 2011;

Іван Кандраценка, расійскі праваабаронца — дэпартаваны з Беларусі, красавік 2011;

Марына Цапок, украінская праваабаронца — беларускія памежнікі знялі з цягніка, красавік 2011;

Максім Кіцук, украінскі праваабаронца — супрацоўнікі Гомельскага памежнага атрада паведамілі, што яго прозвішча значыцца ў базе дадзеных з пазнакай «Уезд забаронены», сакавік 2011;

Любоў Захарава, Кацярына Карасцялёва і Ірына Пайкачава, грамадзянкі Расіі — загадалі пакінуць Беларусь цягам сутак у сувязі з унясеннем у спіс асобаў, чыя прысутнасць у краіне не пажаданая, май 2011;

Аляксандр Мнацаканян, расійскі праваабаронца — дэпартаваны з Беларусі, на 2 гады забаронены ўезд у краіну, май 2011;

Вікторыя Громава, расійская праваабаронца — дэпартаваная з Беларусі, на 2 гады забаронены ўезд у краіну, май 2011;

Іна Сангажыева, грамадзянка Расіі — адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь у сувязі са знаходжаннем прозвішча ў спісах неўязных, 2011;

Вольга Шамшур, грамадзянка Украіны — адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь у сувязі са знаходжаннем прозвішча ў спісах неўязных, 2011;

Рэйчэл Дэнбер, прадстаўніца Human Rights Watch — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Галіна Руднік, найстарэйшая супрацоўніца радыё «Свабода», якая жыве ў Германіі — адмоўлена ў атрыманні візы, кастрычнік 2011;

Крысціян Хольм, дэпутат шведскага парламента — адмоўлена ў атрыманні візы, сакавік 2011;

Лонгін Камалоўскі, старшыня польскага аб’яднання «Wspólnota Polska» — не пусцілі праз мяжу, жнівень 2011;

Радзівон Марыніч, карэспандэнт расійскага тэлеканала «Дождь» — загадалі пакінуць Беларусь, май 2011;

Ігар Кармазін, журналіст газеты «Московскоий комсомолец» — дэпартавалі з краіны, кастрычнік 2011;

Магдалена Каліноўская, супрацоўніца фонду «Institutum Orientalium» — дэпартаваная, 2011;

Кінга Ксёнжак, супрацоўніца фонду «Institutum Orientalium» — дэпартаваная, 2011;

Юліяна Грынец, Андрэас Шэлхас, Яніна Ролік, Гвіда Хансен, Ян Хендрык Кроп, Катрын Хайнрых, Дората Кабашэўская, грамадзяне Польшчы і Германіі — дэпартаваныя за ўдзел у антыядзерным пікеце, красавік 2011;

Міхаіл Камянеў, намеснік кіраўніка Усеўкраінскай моладзевай арганізацыі «Фундацыя рэгіянальных ініцыятываў» — на мяжы высадзілі з цягніка, красавік 2011;

Рута Ланкінінкайце і Ёнас Грышконіс, літоўскія журналісты — на мяжы анулявалі візы, жнівень 2011;

Жыльвінас Абаравічус, начальнік аддзела міжнародных адносінаў мэрыі Вільні — адмоўлена ў атрыманні візы, снежань 2011;

Хрыстас Пургурыдэс, дэпутат кіпрскага парламента, першы намеснік старшыні Камітэта ПАРЕ па юрыдычных справах і правах чалавека — у 2009 годзе падчас сустрэчы прадстаўнікоў ПАРЕ кіраўнік місіі Беларусі пры Радзе Еўропы Андрэй Бушыла заявіў, што палітык не зможа атрымаць беларускую візу;

Агнешка Рамашэўская, дырэктар польскага тэлеканала «Беласт» — адмоўлена ў атрыманні візы, 2009;

Марта Шыманьска, студэнтка кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта — анулявалі шматразовую візу і паставілі пячатку «ва ўездзе забаронена», 2009;

Роберт Хорт, генеральны сакратар Шведскага Хельскінскага камітэта — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Ёанна Курач, супрацоўніца Шведскага Хельскінскага камітэта — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Марцін Угла, грамадзянін Швецыі, супрацоўнічаў з беларускімі праваабаронцамі — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Лукаш Бырскі, прадстаўнік нідэрландскага пасольства ў Варшаве — адмовілі ў атрыманні візы, 2009;

Дэвід Хэмілтан, прадстаўнік Нацыянальнага дэмакратычнага інстытута ў Кіеве — унесены ў спіс неўязных, 2009;

Эстар Магабі, аўстралійская акторка і Стэфані Пан, амерыканская акторка — не ўпусцілі ў Беларусь у аэрапорце «Мінск-2», прыляцелі па запрашэнні «Свабоднага тэатра», 2008;

Карнэлія Рабіц, кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё «Нямецкая хваля» — адмоўлена ў атрыманні візы, 2008;

Крысціян Аюланд, віцэ-спікер парламента Эстоніі — адмоўлена ў атрыманні візы, 2008;

Кшыштаф Путры, віцэ-маршалак польскага сената — без тлумачэння прычыны развярнулі на мяжы, 2007;

Роберт Тышкевіч, дэпутат польскага сойма — без тлумачэння прычыны развярнулі на мяжы, 2007;

Гіга Бакарыя, дэпутат парламента Грузіі, назіральнік СНД на выбарах прэзідэнта Беларусі — адмоўлена ва ўездзе, 2006;

Мірак Тода, славацкі журналіст — адмоўлена ў атрыманні візы, 2006;

Наталля Аляксеева, супрацоўніца Міжнароднага цэнтра імя Улафа Пальмэ (Швецыя) — не дазволілі ўезд, 2007.

Наша Ніва