Мінгарвыканкам дазволіў акцыю на Дзень Волі

Заяўка арганізатараў святкавання задаволеная па ўсіх пунктах. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Уладзімір Колас, кіраўнік аргкамітэта па святкаванню Дня Волі.
Уладзімір Колас: “Заяўка задаволеная па ўсіх пунктах: збор на пляцоўцы каля Акадэміі навук, шэсце і мітынг на плошчы Бангалор”.Збор удзельнікаў і шэсце адбудзецца з 13.30. Мітынг і канцэрт — з 15-й да 17-й гадзіны ў парку Дружбы народаў.Нагадаю, заяўку на святкаванне 25 сакавіка Дня Волі арганізатары падалі ў Мінгарвыканкам 23 лютага. Станоўчы адказ ад сталічных чыноўнікаў яны атрымалі а 10-й раніцы 20 сакавіка — гэта быў апошні дзень, калі ўлады мусілі адказаць, ці дазваляюць яны вулічную акцыю 25 сакавіка.На сустрэчы ў выканкаме, па словах Коласа, прысутнічаў прадстаўнік сталічнай міліцыі — палкоўнік Яўсееў. Міліцыянт выказаў арганізатарам мерапрыемства спадзяванне, што святкаванне пройдзе без эксцэсаў. Згодна заяўцы, арганізатары спадзяюцца на ўдзел у святкаванні 1 тысячы чалавек. Месца мітынга будзе агароджана турнікетам, за які можна будзе патрапіць выключна праз металашукальнік.

euroradio.fm