Расстраляныя абодва асуджаныя па справе аб тэрарызме

Смяротныя прыгаворы прыведзеныя ў выкананне ў дачыненні да Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, паведаміў 17 сакавіка ў вячэрнім выпуску навінаў тэлеканал ОНТ.

Нагадаем, учора раніцай стала вядома пра пакаранне смерцю Кавалёва — яго сям'я атрымала афіцыйнае паведамленне пра гэта з Вярхоўнага суда. Ці прыведзены ў выкананне прыгавор у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава, якога суд прызнаў непасрэдна выканаўцам тэракта ў мінскім метро, заставалася невядомым, паколькі яго сям'я з самага пачатку з журналістамі не сустракалася. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прыгаварыў 25-гадовых Канавалава і Кавалёва да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Ён прызнаў Канавалава вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей. Кавалёва — у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, неданясенні пра падрыхтоўку асабліва цяжкага злачынства, пра ўчыненне асабліва цяжкага злачынства і асобу, што яго ўчыніла, пра месца яе знаходжання, а таксама ў дапамаганні тэрарызму. Канавалаў прызнаў сваю віну ў судзе і па памілаванне да прэзідэнта не звяртаўся, Кавалёў такое прашэнне падаў. У снежні ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Русская служба новостей" Сяргею Дарэнку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кожны дзень думае пра лёс Канавалава і Кавалёва. "Самая страшная функцыя — гэта калі ты падпісваеш указ, дзе чалавека нельга памілаваць. Асабліва ў Беларусі, таму што ў нас ёсць пажыццёвае зняволенне і выключная мера пакарання. І калі ёсць хоць самае дробнае сумненне, хоць крышачку... Хаця пажыццёвае зняволенне, як многія кажуць, гэта страшней, чым смяротная кара, таму што чалавек у клетцы сядзіць, груба кажучы. Але тым не менш, раптам ты памыліўся і ўзяў на сябе?" — разважаў ён. 14 сакавіка стала вядома, што асуджаным за тэракт у памілаванні адмоўлена. Маці Кавалёва звярнулася да кіраўніка дзяржавы з просьбай прыпыніць на год выкананне прыгавору ў дачыненні да яе сына, а адвакат рыхтаваў канчатковую касацыйную скаргу на прыгавор Вярхоўнага суда. Яшчэ раней сям'я Кавалёвых падала скаргу на прыгавор у Камітэт ААН па правах чалавека. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі камітэт звярнуўся з просьбай не прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор Кавалёву, пакуль яго справа не будзе разгледжаная па сутнасці. З заклікам перагледзець рашэнне аб адмове ў памілаванні Кавалёва і Канавалава да Лукашэнкі звярталіся праваабаронцы і міжнародныя структуры, у тым ліку Еўрасаюз, парламенцкія асамблеі Савета Еўропы і АБСЕ. Усе яны ўказвалі на тое, што судовы працэс над Кавалёвым і Канавалавым пакінуў занадта шмат пытанняў. Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара.