Лукашэнка адмовіўся памілаваць Канавалава і Кавалёва

Кіраўнік дзяржавы пастанавіў не прымяняць памілаванне да асуджаных на смяротную кару за тэрарызм Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Паведамленне аб гэтым прагучала ў вячэрнім выпуску праграмы "Панарама" на тэлеканале "Беларусь 1".

Такое рашэнне Аляксандра Лукашэнкі абумоўлена небяспекай і надзвычайна цяжкімі наступствамі для грамадства ўчыненых актаў тэрарызму і іншых злачынстваў, спалучаных з забойствам вялікай колькасці людзей і прычыненнем грамадзянам шматлікіх цялесных пашкоджанняў, сказаў вядучы праграмы навінаў. Ураджэнцы Віцебска 26-гадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў былі затрыманы 12 красавіка 2011 года па падазрэнні ва ўчыненні напярэдадні выбуху на станцыі "Кастрычніцкая" Мінскага метрапалітэна. Аднак да прад'яўленага затым абвінавачання ў гэтым тэрарыстычным акце пазней дабавіліся абвінавачанні ва ўчыненні іншых злачынстваў, у тым ліку Канавалаву — у выбуху ў Мінску 4 ліпеня 2008 года на канцэрце з нагоды Дня Незалежнасці. Канавалаў прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненні двух тэрактаў у Мінску, але не прызнаў сябе вінаватым ва ўчыненні двух выбухаў у Віцебску восенню 2005 года, Кавалёў — не прызнаў сябе вінаватым у дапамаганні тэрарызму. 30 лістапада 2011 года Вярхоўны суд прыгаварыў абодвух фігурантаў да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Ён прызнаў Канавалава вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, тэрарызме, спалучаным з забойствам людзей. Кавалёва — у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, неданясенні аб падрыхтоўцы асабліва цяжкага злачынства, аб учыненні асабліва цяжкага злачынства і асобе, якая яго ўчыніла, аб месцы яе знаходжання, а таксама ў дапамаганні тэрарызму. У выніку тэракта 11 красавіка 2011 года 15 чалавек загінулі, цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32, менш цяжкія — 72, іншыя цялесныя пашкоджанні — 283 чалавекі. У выніку выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Мінску раненні атрымалі 59 чалавек, 22 верасня 2005 года ў Віцебску — 55 і 14 верасня ў Віцебску — два чалавекі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Дзмітрый Канавалаў адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта. Уладзіслаў Кавалёў прашэнне напісаў. На працягу трох з паловай месяцаў маці Кавалёва актыўна змагалася за свайго сына, звярталася да ўладаў, міжнародных арганізацый. Яна накіравала ў Камітэт ААН па правах чалавека скаргу аб парушэнні права на жыццё. Скарга была афіцыйна зарэгістравана ў камітэце ААН 15 снежня. У адпаведнасці з працэдурнымі правіламі Камітэт ААН па правах чалавека звярнуўся з просьбай да ўладаў Беларусі не прыводзіць у выкананне смяротны прыгавор Кавалёву, пакуль скарга не будзе разгледжана па сутнасці. 11 сакавіка маці і сястра Кавалёва сустракаліся з ім ў СІЗА КДБ.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН