Жонка Сяргея Каваленкі чарговы раз просіць Генпракуратуру змяніць меру стрымання яе мужу

Жонка віцебскага актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргея Каваленкі Алена чарговым разам звярнулася ў Генеральную пракуратуру з просьбай змяніць меру стрымання яе мужу.

Як паведаміла БелаПАН Алена Каваленка, 12 сакавіка яна сустрэлася з мужам у пакоі для спатканняў у следчым ізалятары МУС № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

"Сяргей выглядае яшчэ больш слабым: у яго запалі вочы, на твары бачны складкі скуры, рухі затарможаны. Ён выглядае значна горшым, чым на спатканні з братам і маці, якое было на мінулым тыдні. Але спыняць галадоўку не мае намеру. На ўсе мае аргументы пра тое, што трэба спыніць галадоўку, ён не рэагаваў. Сяргей нават не хоча гаварыць на гэту тэму. Для яго галадоўка — адзіны шлях або да змены меры стрымання, або да адмены прысуду", — паведаміла жонка апазіцыянера.

Паводле яе слоў, зараз Сяргей важыць 51 кілаграм, а яго нармальная вага была прыблізна 83 кілаграмы. "Тэмпература цела 35,2 градуса. Ціск 60 на 90. Тым не менш яму адмаўляюць у шпіталізацыі ў нармальнай бальніцы", — зазначыла Алена.

Пасля сустрэчы з мужам яна падала ў Генпракуратуру ўжо трэцяе па ліку прашэнне аб змене яму меры стрымання. "На першыя два звароты я атрымала адказ пра тое, што яны адпраўлены ў суд Першамайскага раёна Віцебска. Я таксама звярталася з аналагічным патрабаваннем у дэпартамент выканання пакаранняў МУС, але адказу адтуль пакуль не атрымала", — паведаміла Алена Каваленка.

Нагадаем, 24 лютага суд Першамайскага раёна Віцебска прыгаварыў Сяргея Каваленку да двух гадоў аднаго месяца пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Апазіцыянер абвінавачаны ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Размова ідзе пра пакаранне, якое вынес апазіцыянеру ў маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. З 19 снежня мінулага года Каваленка знаходзіцца ў зняволенні. У знак пратэсту ён аб'явіў галадоўку.

Вызвалення віцебскага апазіцыянера патрабуюць беларуская дэмакратычная грамадскасць і міжнародныя структуры.

Сяргей Пульша, БелаПАН

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение