У Беларусі працягваюцца затрыманні актывістаў апазіцыі

Паводле даных праваабаронцаў, за апошнія двое сутак затрыманы сем чалавек. Сёння раніцай у Барысаве былі затрыманыя член Партыі БНФ Анатоль Аскерка і маладзёжны актывіст Іван Шутко.

Да Аскеркі супрацоўнікі міліцыі прыехалі дамоў і павезлі яго ў раённы аддзел міліцыі. Гэта адбылося прыкладна ў 11.00, паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org. Пра сваё затрыманне актывіст паспеў сказаць па тэлефоне мясцоваму праваабаронцу, пасля чаго сувязь з ім абарвалася. Паводле слоў жонкі Анатоля, міліцыянеры растлумачылі затрыманне тым, што ў суседа нібыта "пракалолі ці знялі шыны". Аднак сам Аскерка звязвае гэта з акцыяй у падтрымку Андрэя Саннікава, якая прайшла 8 сакавіка ў Барысаве з нагоды дня нараджэння зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. Не выключана, што Аскерку могуць абвінаваціць у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Маладзёжны актывіст Іван Шутко быў затрыманы прыкладна ў такі ж час, што і Анатоль Аскерка. Ён дастаўлены ў аддзяленне міліцыі, але па якім абвінавачанні — пакуль невядома. Нагадаем, напярэдадні, 8 сакавіка, у Мінску каля станцыі метро "Спартыўная" была затрымана актывістка грамадзянскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" Алена Лазарчык. Дзяўчына расклейвала плакаты з партрэтам Саннікава і інфармацыяй пра беларускіх палітзняволеных. Яе даставілі ў РУУС Фрунзенскага раёна і, хутчэй за ўсё, таксама будуць судзіць. 7 сакавіка прыкладна ў 20.00 у Мінску каля плошчы Незалежнасці былі затрыманыя актывісты міжнароднай грамадскай арганізацыі "Малады фронт" Уладзімір Ерамянок і Раман Васільеў. Прыкладна праз гадзіну ў сталіцы па месцы жыхарства міліцыя затрымала яшчэ двух маладафронтаўцаў — Міхаіла Мускага і Дзмітрыя Крамянецкага. Паводле звестак, іх прывезлі ва УУС Ленінскага раёна, дзе склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у акцыі 29 лютага каля Міністэрства замежных спраў Беларусі. У той дзень, калі Мінск пакінулі паслы краін ЕС, невядомыя маладыя людзі закідалі будынак МЗС рулонамі туалетнай паперы. Паводле даных праваабаронцаў, Мускага і Крамянецкага будуць судзіць у судзе Ленінскага раёна сталіцы ў нядзелю 11 красавіка, які аб'яўлены ў Беларусі працоўным днём. Што да Ерамянка і Васільева, то іх маглі затрымаць для прывядзення ў выкананне прыгавору Віцебскага суда, які 22 лютага завочна асудзіў маладых людзей на трое сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства, паведамляюць праваабаронцы.

БелаПАН