Лідары ЕС абмяркуюць сёння ў Бруселі сітуацыю ў Беларусі

Лідары 27 краін Еўрасаюза, якія праводзяць двухдзённую сустрэчу ў Бруселі, абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі на другім пленарным пасяджэнні ў пятніцу, паведаміў старшыня Еўрапейскага савета Херман ван Рампёй.
"Мы абмяркуем Беларусь заўтра", — сказаў ён журналістам у чацвер, 1 сакавіка, пасля завяршэння першага дня сустрэчы ў вярхах. Дыпламатычныя крыніцы ў Бруселі ўказваюць, што пасля дыпламатычнага скандалу Беларусь "бясспрэчна вяртаецца ў топ парадку дня ЕС". Нагадаем, 27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза беларускіх чыноўнікаў, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. Пашырэнне спісу неўязных стала прычынай дыпламатычнага скандалу паміж Мінскам і Бруселем. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Моры і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці ціску і санкцый". У адказ краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска. Еўрапейскія паслы пакінулі Беларусь 29 лютага. Напярэдадні пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕС са спасылкай на крыніцы паведамлялася, што Славенія выступіла супраць распаўсюджвання эканамічных санкцый ЕС на беларускіх бізнесменаў і, у прыватнасці Юрыя Чыжа. Славенія нібыта блакіравала ўключэнне Чыжа ў спіс у сувязі з тым, што славенская кампанія Riko Group выйграла тэндар на будаўніцтва ў Мінску пяцізоркавага гасцінічнага комплексу "Кемпінскі" ў супрацоўніцтве з групай кампаній "Трайпл", што належыць Чыжу. Аднак 1 сакавіка кіраўнік палітычнага дэпартамента Міністэрства замежных спраў Славеніі Матэа Марн абверг гэтую інфармацыю. "Славенія падтрымлівае ўвядзенне абмежавальных мер адносна прадпрыемстваў і бізнесменаў, якія супрацоўнічаюць з беларускімі ўладамі. Аднак трэба падрыхтаваць поўны спіс гэтых прадпрыемстваў. Мы чакаем, што Савет Еўрасаюза ў сакавіку разгледзіць і зацвердзіць такі спіс", — сказаў Марн. Раней вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан пацвердзіла, што ў сакавіку Савет міністраў Еўрасаюза разгледзіць поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прымененыя санкцыі. Чарговае пасяджэнне Савета міністраў, які збіраецца штомесяц, запланавана на 23 сакавіка. 1 сакавіка бельгійскае выданне EUobserver са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі паведаміла, што Еўрасаюз можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да некалькіх беларускіх бізнесменаў. У спіс асоб, у дачыненні да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС, могуць трапіць уладальнік групы кампаній "Трайпл" Юрый Чыж, кіраўнік СП ТАА "Санта-Імпекс Брэст" Аляксандр Машэнскі, старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор" Аляксандр Шакуцін, кіраўнік ТАА "Тытунь-Інвест" і ўладальнік сеткі гіпермаркетаў "Карона" Павел Тапузідыс, піша EUobserver. Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд на тэрыторыю краін ЕС і замарожванне актываў, калі такія ёсць.
Аляксей Арэшка, БелаПАН