ЕС можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да некалькіх беларускіх бізнесменаў

Еўрасаюз можа ўвесці санкцыі ў дачыненні да некалькіх беларускіх бізнесменаў, паведамляе сёння бельгійскае выданне EUobserver са спасылкай на дыпламатычную крыніцу ў Бруселі.
У спіс асоб, у дачыненні да якіх прымяняюцца візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС, могуць трапіць уладальнік групы кампаній "Трайпл" Юрый Чыж, кіраўнік СП ТАА "Санта-Імпекс Брэст" Аляксандр Мошанскі, старшыня савета дырэктараў ААТ "Амкадор" Аляксандр Шакуцін і кіраўнік ТАА "Тытунь-Інвест", уладальнік сеткі гіпермаркетаў "Карона" Павел Тапузідзіс, піша EUobserver. Паводле слоў крыніцы, пасля дыпламатычнага скандалу паміж Бруселем і Мінскам Беларусь "несумненна вяртаецца ў топ парадку дня ЕС". Нагадаем, 27 лютага Савет міністраў замежных спраў краін ЕС на пасяджэнні ў Бруселі прыняў рашэнне пашырыць спіс неўязных у краіны Еўрасаюза беларускіх чыноўнікаў, уключыўшы ў яго яшчэ 21 прозвішча. Як заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, у сакавіку Савет міністраў разгледзіць поўны спіс беларускіх прадпрыемстваў і бізнесменаў, да якіх могуць быць прыменены санкцыі (чарговае пасяджэнне Савета міністраў, які збіраецца штомесяц, запланавана на 23 сакавіка. — БелаПАН.) Напярэдадні пасяджэння ў Бруселі EUobserver паведаміў, што пры абмеркаванні спіса паміж краінамі ЕС узніклі рознагалоссі па кандыдатуры Юрыя Чыжа. Са спасылкай на свае крыніцы выданне паведамляла, што Славенія блакіравала ўключэнне Чыжа ў спіс у сувязі з тым, што славенская кампанія Riko Group выйграла тэндэр на будаўніцтва ў Мінску пяцізоркавага гатэльнага комплексу "Кемпінскі" ў супрацоўніцтве з групай кампаній "Трайпл", што належаць Чыжу. Пасля пасяджэння Савета міністраў у СМІ з'явілася інфармацыя, што супраць унясення Чыжа ў спіс выступіла і Латвія. Аднак гэту інфармацыю абверг прэс-сакратар латвійскага МЗС Яніс Сіліс. "Мы палічылі, што гэта пытанне недастаткова прапрацавана і вымагае далейшага абмеркавання. Абмеркаванне працягнецца, і рашэнне, хутчэй за ўсё, будзе прынята ў наступным месяцы", — заявіў Сіліс БелаПАН 27 лютага. Пашырэнне спіса неўязных стала прычынай дыпламатычнага скандалу паміж Мінскам і Бруселем. 28 лютага беларускія ўлады рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва Еўрасаюза Майры Мора і паслу Польшчы Лешаку Шарэпку "выехаць у свае сталіцы для кансультацый, каб давесці свайму кіраўніцтву цвёрдую пазіцыю беларускага боку аб непрымальнасці націску і санкцый". У адказ краіны ЕС адклікалі сваіх паслоў з Мінска. Еўрапейскія паслы пакінулі Беларусь 29 лютага. 1 сакавіка ў інтэрв'ю Латвійскаму радыё дзяржсакратар МЗС Латвіі Андрыс Тэйкманіс заявіў, што латвійскім бізнесменам варта ўлічваць магчымасць увядзення эканамічных санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. Ён пацвердзіў, што рашэнне аб увядзенні санкцый супраць Беларусі можа быць прынята на працягу месяца. "Гэта сапраўды магчыма. На гэты раз усё сур'ёзна", — падкрэсліў дзяржсакратар.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН