У перспектыве ў Мінску з`явіцца музей Васіля Быкава, заяўляюць у Міністэрстве культуры

У перспектыве ў Мінску музей Васіля Быкава з`явіцца. Пра гэта ў інтэрв`ю БелаПАН паведаміў намеснік міністра культуры Беларусі Тадэвуш Стружэцкі.

"Думаю, у перспектыве (і яна не павінна расцягвацца на дзесяцігоддзі) музей Быкава з`явіцца. Для гэтага патрэбна дакладна вывучыць яго літаратурную спадчыну, мець дастаткова музейных прадметаў, знайсці адпаведнае памяшканне", — зазначыў ён. Паводле слоў Стружэцкага, "імя Быкава — адзін з сімвалаў не толькі нацыянальнай літаратуры, але і Беларусі ўвогуле". "Спадчына Васіля Быкава павінна быць ушанавана, запатрабавана. Спецыяльная экспазіцыя, прысвечаная Быкаву, зараз размешчана ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Дарэчы, гэты музей актыўна вывучае і збірае спадчыну Быкава", — адзначыў намеснік міністра. Нагадаем, грамадскія ініцыятывы ўжо працяглы час дамагаюцца стварэння ў Мінску музея Быкава, а таксама перайменавання адной з цэнтральных вуліц у вуліцу пісьменніка. Напрыклад, кампанія "Гавары праўду!", якую ўзначальвае паэт Уладзімір Някляеў, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі, неаднаразова праводзіла акцыі па перайменаванні вуліцы Ульянаўская ў вуліцу Быкава. Былі сабраныя і перададзеныя гарадскім уладам больш за сотню тысяч подпісаў у падтрымку перайменавання. Аднак актывісты кампаніі атрымалі адказ з Мінгарсавета, што пытанне не актуальнае, не хапае грошай, і што, магчыма, калі-небудзь у якім-небудзь мікрараёне-новабудоўлі Мінска з`явіцца вуліца Быкава.

Сяргей Каралевiч, БелаПАН