Сёння — Дзень роднай мовы

Найлепшы спосаб адзначыць — гаварыць па-беларуску. 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

Да гэтага прымеркаваны першы этап агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Ён пройдзе ў офісе грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ).

«Улічваючы, што сёлета юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, мы прапануем пісаць дыктоўку менавіта паводле іх твораў», — паведаміў БелаПАН кіраўнік ТБМ Алег Трусаў. Ахвотных запрашаюць у офіс ТБМ, а 17.30.

«Напісаць дыктоўку можа любы ахвотнік. Калі збярэцца шмат такіх людзей, дыктоўка пройдзе ў два, тры этапы.

Акрамя таго, мы разаслалі ў большасць пасольстваў замежных дзяржаў у Беларусі запрашэнне ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве.

Звычайна прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса нам у сваёй прысутнасці не адмаўляюць», — заўважыў кіраўнік ТБМ.

У рэгіёнах даты і месца правядзення дыктоўкі вызначаць мясцовыя структуры ТБМ.

Агульнанацыянальная дыктоўка праводзіцца ў Беларусі пяты год запар з ініцыятывы філосафа Уладзіміра Падгола. Мэта акцыі — дэманстрацыя павагі да роднай мовы. Першы раз дыктоўка была арганізавана 25 сакавіка 2008 года, яе прымеркавалі да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Найлепшы спосаб асабіста ўшанаваць родную мову ў гэты дзень (як і ва ўсе іншыя дні) — гаварыць, чытаць і пісаць па-беларуску ў сям’і і ў грамадзе.

Дык са святам, дарагія чытачы!

Наша Ніва