Дзякуючы дыктоўцы Дзень роднай мовы ў Магілёве адзначае і ўлада

У Магілёве больш за шэсцьдзесят чалавек 19 лютага адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем дыктоўкі і ўдзелам у інтэлектуальным спаборніцтве «Беларускае пяціборства» для дарослых.

Мерапрыемствы праходзілі ў Палацы вобласці. Іх арганізавалі гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы і творчы клуб «Натхненне».

Сёлета магілёўскія рупліўцы беларускай мовы пісалі дыктоўку пяты раз. Для яе арганізатары абралі верш «Летапісец» Максіма Багдановіча.

«Вершу спаўняецца сёлета сто гадоў, і ён прысвечаны Магілёву», — так аргументаваў выбар твору для дыктоўкі адзін з яе арганізатараў Алег Дзьячкоў.

Дыктавала Багдановічаў верш настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ганна Бандарэнка. Вынікі дыктоўкі будуць агучаныя пазней.

«Дзякуючы дыктоўцы Дзень роднай мовы пачалі адзначаць у Магілёве не толькі людзі, якія дбаюць пра беларускую мову, але і ўлада. Летась кіраўнік гарвыканкама Станіслаў Барадаўка павіншаваў магілёўцаў з гэтым святам. Сёлета гэты дзень будуць адзначаць адмысловымі імпрэзамі ў магілёўскіх школах», — зазначыў кіраўнік гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў. «Беларускае пяціборства» для дарослых праходзіла ўпершыню.

Штогод тэбээмаўцы праводзяць яго для школьнікаў ва ўніверсітэце імя Куляшова. Дарослыя, як і вучні, мелі адказаць на пяць пытанняў — па адным па матэматыцы, геаграфіі, гісторыі ды беларускай мове й літаратуры. На выкананне заданняў ініцыятар «Пяціборства» Міхась Булавацкі адвёў дваццаць пяць хвілінаў. Перамог у інтэлектуальным спаборніцтве сябра ТБМ Сяргей Дымкоў. Другое месца заняла вучаніца восьмага класа Яніна Асіпцова. Трэцяе — Алег Дзьячкоў.

У канцы святочных мерапрыемстваў былі ўручаныя пасведчанні сябра ТБМ дзясятку новых сябраў актывістаў. Прагучалі вершы мясцовых паэтаў. З вітаннем і вершамі выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары горада Уладзімір Цішчанка.

Радыё Свабода


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение