Еўрапарламент заклікаў улады Беларусі ўвесці мараторый на смяротную кару і запатрабаваў вызваліць палітзняволеных

Еўрапарламент на пасяджэнні 16 лютага аднагалосна прыняў рэзалюцыю, якая асуджае смяротныя прыгаворы абвінавачаным у тэрарызме Канавалаву і Кавалёву і заклікае ўлады Беларусі да аб'яўлення мараторыя на смяротную кару.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Еўрапарламента, падчас дэбатаў на сесіі ў Страсбургу абмяркоўвалася праблема прымянення смяротнай кары ў Беларусі ў святле прыгавору Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву. У рэзалюцыі асуджаецца вынясенне ім смяротнага прыгавору і ўтрымліваецца заклік да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі іх памілаваць. У прынятай рэзалюцыі згадваюцца справаздачы міжнародных праваабарончых арганізацый, з якіх вынікае, што расследаванне справы Канавалава і Кавалёва, а таксама суды над імі "не былі справядлівымі", а расследаванне справы праходзіла з парушэннем правоў чалавека. Еўрадэпутаты падкрэслілі, што прымяненне "нерэальнага, жорсткага, негуманнага пакарання, якое парушае права на жыццё", непрымальнае, і заклікалі беларускія ўлады адмяніць смяротную кару ці ўвесці неадкладны мараторый на яе прымяненне. Акрамя таго, у рэзалюцыі асуджаецца працяг у Беларусі пераследу праваабаронцаў, актывістаў дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і СМІ па палітычных матывах і ўтрымліваецца патрабаванне неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН