Першы этап агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі пройдзе 21 лютага

Сёлета першы этап агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі пройдзе 21 лютага ў офісе грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ).

Як растлумачыў БелаПАН кіраўнік ТБМ Алег Трусаў, правядзенне дыктоўкі прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. "Улічваючы, што сёлета юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, мы прапануем пісаць дыктоўку менавіта паводле іх твораў", — паведаміў Трусаў. Ахвотных запрашаюць у офіс ТБМ да 17.30. "Напісаць дыктоўку можа любы ахвотнік. Калі збярэцца шмат такіх людзей, дыктоўка пройдзе ў два, тры этапы. Акрамя таго, мы разаслалі ў большасць пасольстваў замежных дзяржаў у Беларусі запрашэнне ўзяць удзел у гэтым мерапрыемстве. Звычайна прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса нам у сваёй прысутнасці не адмаўляюць", — заўважыў кіраўнік ТБМ. У рэгіёнах даты і месца правядзення дыктоўкі вызначаць мясцовыя структуры ТБМ. Агульнанацыянальная дыктоўка праводзіцца ў Беларусі пяты год запар з ініцыятывы філосафа Уладзіміра Падгола. Мэта акцыі — дэманстрацыя павагі да роднай мовы. Першы раз дыктоўка была арганізавана 25 сакавіка 2008 года, яе прымеркавалі да 90-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2011 годзе акцыя праводзілася ў тры этапы. У напісанні дыктоўкі ўзялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дыпмісій, еўрапейскія і беларускія чыноўнікі. Летась тэкст дыктоўкі ўпершыню прагучаў у эфіры "Еўрарадыё", каб усе ахвотныя маглі напісаць яе дома.

Сяргей Пульша, БелаПАН