«У капцюрох ГПУ»: затрыманы 30 удзельнікаў Літвінскага клуба

АМАП уварваўся на пасяджэнне моладзевай гістарычнай суполкі, калі там абмяркоўвалі класічную кнігу Аляхновіча. Пастар Бокун: выбілі шыбы, хоць дзверы былі адамкнёны

Як паведаміла «Нашай Ніве» адна з удзельніц паcеджання, Святлана, спецназ уварваўся ў кватэру, а 19.45. «Яны выбілі шыбу ў кухні. Яны пабілі там усё, усе талеркі, там усё ляцела!

Гэта добра, што ў той момант там не было дзяцей побач, бо на паседжанне прыйшлі і людзі з дзецьмі», — распавядае яна. АМАП загадаў усім удзельнікам пасяджэння стаць і ўзняць рукі ўгору, было забаронена карыстацца мабільнымі тэлефонамі і гаварыць.

Падставай для налёту, як сказалі спецназаўцы, быў званок з паведамленнем, што ў памяшканні вырабляюць наркотыкі.

Сярод затрыманых быў Зміцер Хведарук, былы лідар Маладога Фронту. Іншы заўсёднік суполкі, Андрэй Кім, піша ў Фэйсбуку, што па чыстай выпадковасці не трапіў сёння на зборку.

У Маскоўскі РУУС затрыманых, каля 30 чалавек, даставілі ў аўтазаку.

Святлана адзначае, што спецназаўцы паводзіліся жорстка: «Сярод нас быў чалавек стары, яму стала блага яшчэ ў кватэры. Яны выклікалі „хуткую“ толькі ў РУУСе, праз сорак хвілін!»

У РУУСе ў затрыманых некалькі разоў перапісалі асабістыя звесткі. Пыталіся поўнае імя, дату нараджэння і месца працы. Каля 22-й гадзіны ўдзельнікаў Літвінскага клуба групамі па некалькі чалавек пачалі выпускаць.

Сярод апошніх, каля 22.15, выпусцілі Змітра Хведарука. Паводле яго словаў, разам з ім у РУУСе заставаліся 4 асобы, з якіх 2 непаўналетніх.

Як распавёў карэспандэнту «НН» пастар евангельскай царквы «Ян Прадвеснік» Антоні Бокун, гаспадар дома, на які быў здзейснены налёт, ні падчас уварвання, ні ў РУУСе міліцыянты яму не здолелі ўцямна патлумачыць прычыну сваіх дзеянняў.

«Яны амаль усе былі ў цывільным, а калі мы спыталіся, хто яны, адзін нават сказаў: «Група ліц». Іншы, таксама ў швэдры, а не ў форме, які прадставіўся як маёр Бегуноў з Маскоўскага РУУС, казаў пра нейкія «наркотыкі», — распавядае спадар Бокун. Паводле яго словаў, у яго доме выбілі тры шыбы: дзве ў кухні і адну ў дзіцячым пакоі.

«Там гулялі дзеці, і гэта шчасце, што яны паспелі выбегчы да таго, як на іх пачало падаць шкло. І самае галоўнае — які сэнс быў біць шыбы, калі дзверы не былі замкнёныя? І нават ёсць святло над уваходам!» — дзівіцца гаспадар.

Спадар Бокун збіраецца падаваць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў органаў, якія маюць быць праваахоўнымі.

«Цяжка ўявіць як цяпер, у 20-градусны мароз, начаваць з трыма пабітымі шыбамі», — кажа ён. У доме Антоні жыве з жонкай і двума дзецьмі. Частка ўдзельнікаў паседжання пасля вызвалення з РУУСа паехала да гаспадара, каб дапамагчы яму «падручнымі сродкамі» паладзіць вокны.

Ліцвінcкі клуб — культурніцкая суполка патрыятычнай моладзі, якая існуе пры евангельскай царкве «Ян Прадвеснік» ўжо больш за пяць гадоў. Збіраліся яе ўдзельнікі ў царкоўных памяшканнях на Загарадным завулку.

«Ладзім дыcкycійныя мoлaдзeвыя cycтpэчы, дзe aбмяpкoўвaeм poзныя тэндэнцыі, гіcтapычныя пaдзeі, глядзім фільмы і тэaтpaльныя пacтaнoўкі і шмaт-шмaт ycягo іншaгa… Для ўдзелу нічога не патрабуецца апроч таго, каб толькі прыйсці», — гаворыцца на афіцыйнай старонцы клуба ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. Паседжанні клуба праходзяць штосераду.

На сённяшнім паседжанні суполка збіралася абмяркоўваць кнігу Францішка Аляхновіча «У капцюрах ГПУ».

Прыкладна год таму праходзіла інфармацыя, што гэбісты выпытвалі пра Літвінскі клуб у некаторых студэнтаў, затрыманых на Плошчы.

Наша Ніва


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение