Мікалай Статкевіч будзе пераведзены з калоніі ў турму

Кандыдату ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалаю Статкевічу зрабілі больш жорсткім пакаранне — ён будзе пераведзены на турэмны рэжым адбывання пакарання. Такое рашэнне прыняў суд, што адбыўся 12 студзеня ў шклоўскай калоніі № 17, дзе адбывае пакаранне палітык. Судзіў Статкевіча суддзя Віталь Волкаў.

Як паведаміла БелаПАН жонка экс-кандыдата Марына Адамовіч, адвакат Статкевіча, які прысутнічаў на пасяджэнні суда, сказаў, што ў хуткім часе палітыка адправяць у турму на тры гады. Паводле слоў адваката, самаадчуванне ў Мікалая Статкевіча нармальнае, на судзе ён быў спакойны. Марына Адамовіч мяркуе, што рашэнне суда было прадвызначана загадзя. "Нічога нечаканага не адбылося", — зазначыла яна. Як паведамлялася раней, прычынай больш жорсткага пакарання Статкевічу стала афіцыйнае прадстаўленне адміністрацыі шклоўскай калоніі, у якім сказана, што асуджаны палітык "не стаў на шлях выпраўлення", "да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца" і пасля адбывання пакарання мае намер "праводзіць злачынны спосаб жыцця". Фармальнай прычынай для абвінавачання Статкевіча стала тое, што ён знаходзіўся без біркі з нумарам зняволенага на адзенні, а таксама не ўказаў у спісе асабістых рэчаў насоўкі, паведаміла жонка палітыка. Сапраўднай прычынай больш жорсткага пакарання стала прынцыповая пазіцыя Статкевіча, які не прызнае сябе вінаватым і не жадае звяртацца з просьбай аб памілаванні на імя прэзідэнта. Апрача таго, мяркуе жонка Статкевіча, яму помсцяць за інфармацыю пра яго і ад яго імя, якая распаўсюджваецца ў СМІ. Нагадаем, што 26 мая суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў Мікалая Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд прыйшоў да высновы, што менавіта Статкевіч разам з яшчэ адным кандыдатам у прэзідэнты, Дзмітрыем Усам, "рыхтавалі масавыя беспарадкі" і ўзначальвалі "бясчынствуючы натоўп" падчас шэсця па праспекце Незалежнасці 19 снежня 2010 года. 20 снежня мінулага года Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч узялі шлюб у шклоўскай калоніі.

Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН