Сьнежаньскі рэйтынг Лукашэнкі — 25%

Зарэгістраваны ў Літве Незалежны Інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) апублікаваў дадзеныя чарговага, сьнежаньскага апытаньня грамадзкай думкі Беларусі.

Электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, які, паводле дадзеных НІСЭПД, дасягнуў гістарычнага мінімуму ў верасьні мінулага году (20,4%), цяпер трошкі вырас і склаў 24,9%. Адпаведна вырас і рэйтынг даверу прэзыдэнту — з 24,5% у верасьні да 31.2 у сьнежні. Аднак большасьць беларусаў (54,5%) сёньня не давяраюць Аляксандру Лукашэнку. Менавіта яго лічаць вінаватым у эканамічным крызісе ў краіне 53,7% (у верасьні — 61.2%) Падзеньне электаральнага рэйтынгу Лукашэнкі не прывяло, аднак, да росту рэйтынгаў яго палітычных апанэнтаў. У сьнежні рэйтынг Андрэя Саньнікава склаў 7.1%, Уладзімера Някляева — 6%. Вельмі цікавымі былі адказы на пытаньне «Калі б Вы ведалі чалавека, які мог бы пасьпяхова канкурыраваць з Лукашэнкам на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, то прагаласавалі б за яго або за Лукашэнку?» Цяперашні кіраўнік дзяржавы прайграў бы гэтаму «ананімнаму» кандыдату зь лікам 21,7% супраць 44.6%. Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, у % У адрозьненьні ад Аляксандра Лукашэнкі, які настойліва паўтарае, што крызісу ў Беларусі няма, пераважная большасьць апытаных у сьнежні беларусаў (81,5%) зь ім ня згодныя. Яны станоўча адказалі на пытаньне «Ці лічыце вы, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе?» Толькі 8% адказалі, што крызісу няма. Што да ацэнкі цяперашняй сытуацыі, то 15,6% выбралі варыянт — «Усё не так дрэнна і можна жыць», 52,2% заяўляюць — «Жыць цяжка, але можна трываць», і 29,7% лічаць, што «Цярпець наша бядотнае становішча ўжо немагчыма».

Расея не вабіць, але і Эўропа таксама

У геапалітычных перавагах Беларусі, паводле НІСЭПД, таксама адбыліся пэўныя зьмены. Папулярнасьць аб’яднаньня з Расеяй застаецца на гістарычна нізкім узроўні (29%), але разам з тым істотна ўпала колькасьць тых, хто жадае ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз — з 45,1% у чэрвені да 35,9% у сьнежні летась. У той жа час на пытаньне «Калі б давялося выбіраць паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз, што б Вы выбралі?» суадносіны істотна не зьмяніліся ў параўнаньні з апошнім апытаньнем у верасьні — за Расею 41,4% (у верасьні 41,5%), за Эўропу — 39,1% (у верасьні 42%). Калі б сёньня праходзіў рэфэрэндум пра аб'яднанне Беларусі і Расеі, як бы Вы прагаласавалі?,% Калі б цяпер у Беларусі праводзіўся рэфэрэндум, ці ўступаць ў Эўрапейскі Зьвяз, якім быў бы Ваш выбар?, у % Гэтыя дадзеныя даволі моцна адрозьніваюцца па «палавой прыкмеце». Толькі 36,5% беларускіх мужчынаў выбіраюць Расею, а 45,7% — Эўразьвяз. У той час як сярод беларускіх жанчынаў 45, 5% выбралі б аб’яднаньне з Расеяй, а 33,9% — уступленьне ў Эўразьвяз. Паказальна, што 80 працэнтаў апытаных адказалі, што за апошнія 5 гадоў ані разу не былі ў краінах Эўразьвязу.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода