Алесь Бяляцкі развітаўся з бацькам

Гэта адбылося сёння ў 8 гадзін раніцы. Праваабаронца Алесь Бяляцкі змог развітацца з бацькам, які памёр 24 снежня. Праваабаронцу прывезлі з Жодзінскага СІЗА ў морг пад узмоцненай аховай і з аўтамабілямі суправаджэння.
Пра беспрэцэндэнтныя меры бяспекі пры развітаньні сведчыць і той факт, што тэрыторыя моргу была ачэпленая і старонніх асобаў на развітанне не дапусьцілі, паведамляе сайт цэнтра “Вясна”.

Алесю Бяляцкаму дазволілі пабыць з бацькам каля 10 хвілін. Ён памаліўся каля труны і сказаў колькі словаў сваім блізкім. Пра смерць бацькі Алесь даведаўся ў дзень пахавання ранкам 27 снежня.

Нагадаем, што праваабаронца ад 4 жніўня знаходзіцца за кратамі. У канцы лістапада суд пакараў яго чатырма з паловай гадамі калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Бяляцкага прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў у буйным памеры. Еўрарадыё