За акцыю 19 снежня асуджаны 28 чалавек

Праваабаронца Ната Лойка паведаміла БелаПАН, што пасля акцыі 19 снежня асуджаны 28 чалавек.
Паводле яе слоў, 18 з іх прыгавораны да адміністрацыйных арыштаў. Сярод іх — каардынатар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі (асуджаны на 15 сутак арышту), лідар прадпрымальніцкага руху Мінска Аляксандр Макаеў (10 сутак), былы палітзняволены Васіль Парфянкоў (12 сутак), блогер Юрый Шпак-Рыжоў (15 сутак), былы палітзняволены Уладзімір Яроменак (15 сутак).

«Сёння пройдзе суд на затрыманай падчас акцыі каля Чырвонага касцёла назіральніцай праваабарончай арганізацыі „Беларускі Хельсінкскі камітэт“ Юліяй Хлышчанковай.

Пасля затрымання ў аддзяленні міліцыі жанчыне стала дрэнна і ёй выклікалі хуткую дапамогу, якая даставіла праваабаронцу ў 6-ю бальніцу. Але 20 снежня Хлышчанкова прыйшла ў суд Маскоўскага раёна, каб падтрымаць іншых людзей. Там яе зноў затрымалі ў сувязі з тым, што на яе складзены пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», — паведаміла Лойка.

Паводле звестак праваабаронцаў,

вечарам 19 снежня ў Мінску было затрымана прыкладна 50 чалавек,

якія выйшлі ў цэнтр горада, каб запаліць свечкі ў знак салідарнасці з палітзняволенымі, арыштаванымі пасля леташніх выбараў прэзідэнта. Асноўныя затрыманні прайшлі на плошчах Незалежнасці, Кастрычніцкай і Якуба Коласа. На плошчы Незалежнасці людзей затрымлівалі каля касцёла, дзе ў гэты час ішло набажэнства. Дзеянні міліцыі каардынаваў кіраўнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў.

У сваю чаргу ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла пра «больш як трыццаць» затрыманых «за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 19 снежня на плошчы Незалежнасці». Колькі чалавек было затрымана ў іншых месцах горада, сталічная міліцыя не паведамляе. Паводле версіі ГУУС, 19 снежня на плошчы Незалежнасці «лідарамі незарэгістраванай арганізацыі „Малады фронт“ была зроблена спроба арганізаваць правядзенне несанкцыянаванай акцыі».

БелаПАН