Актывістак FEMEN зьбілі, абстрыглі і забралі дакумэнты

Лёс актывістак ўкраінскага руху FEMEN, якія арганізавалі 19 сьнежня акцыю пратэсту «КДБацька» каля будынка КДБ у Менску, застаецца невядомым. Пасьля 16-й гадзіны зьявілася кароткае паведамленьне, што іх зьбілі, абстрыглі і забралі дакумэнты.

Напярэдадні вечарам Іна Шаўчэнка, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава перасталі выходзіць на сувязь. Як паведаміла БелаПАН лідэр руху Ганна Гуцал, з 20:00 па менскім часе іх тэлефоны адключаныя. «Мы ўжо зьвярнуліся ва ўкраінскую амбасаду ў Менску», — сказала яна. Гуцал не выключае, што дзяўчат маглі ўсё ж затрымаць праваахоўныя органы Беларусі. Не выходзіць на сувязь і відэаапэратар FEMEN грамадзянка Аўстраліі Кіці Грын. Пасьля затрыманьня Грын была дэпартаваная ў Вільню. 16:17 У Беларусі актывістак FEMEN зьбілі, абстрыглі і забралі дакумэнты. Пра гэта БелаПАН паведаміла лідэр ўкраінскай арганізацыі Ганна Гуцал, зь якой дзяўчыны выйшлі на сувязь. 12:00 Кансулят Украіны ў Менску ня мае зьвестак пра актывістак Femen У амбасадзе Ўкраіны ў Менску нічога ня ведаюць пра месца знаходжаньне актывістак жаночага руху Femen Іны Шаўчэнкі, Аксаны Шачко і Аляксандры Нямчынавай. Супрацоўнік кансуляту ў размове са «Свабодай» заявіў, што ніякімі дадзенымі адносна грамадзянак Украіны яны не валодаюць. Пасьля ўчорашняй акцыі-пэрфомансу на прыступках будынку КДБ дзяўчатам ўдалося зьбегчы ад аховы Камітэту дзяржбясьпекі, але ўвечары тэлефонная сувязь зь імі зьнікла. Пакуль прозьвішчы зьніклых фэмэнак не фігуруюць і ў судовых працэсах над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі акцыі ў памяць пра падзеі 19 сьнежня 2010 году. Міністэрства замежных спраў Беларусі гэтаксама не пацьвярджае факт затрыманьня ці арышту грамадзянак Украіны. Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка заявіў Інтэрфаксу, што «па зводцы не праходзіла інфармацыя аб затрыманьні на мяжы гэтых грамадзянак». Начальнік Цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч назваў акцыю FEMEN «грубай сплянаванай правакацыяй».

Радыё Свабода