У Мінску затрымана каля пяцідзесяці чалавек

Паводле звестак праваабаронцаў, ўвечары 19 снежня у Мінску затрымана каля пяцідзесяці чалавек, якія выйшлі ў цэнтр горада, каб запаліць свечкі ў знак салідарнасці з палітзняволенымі, арыштаванымі пасля леташніх выбараў прэзідэнта.
Асноўныя затрыманні адбыліся на плошчы Незалежнасці, Кастрычніцкай плошчы і плошчы Якуба Коласа. На плошчы Незалежнасці людзей затрымлівалі каля касцёла, дзе ў гэты час ішло набажэнства. Паводле звестак БелаПАН, у набажэнстве ўзялі ўдзел кіраўнікі пасольстваў краін ЕС, у тым ліку кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора. Дыпламаты "памаліліся за здароўе і лепшую долю беларускіх палітзняволеных", паведаміла БелаПАН дыпламатычная крыніца. Паводле інфармацыі праваабаронцы Анастасіі Лойкі, затрыманыя дастаўлены ва ўпраўленні ўнутраных спраў Маскоўскага і Цэнтральнага раёнаў Мінска. Актывістаў апазіцыі і фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года пачалі затрымліваць яшчэ раніцай. Прэвентыўныя затрыманні прайшлі ў Мінску, Віцебску, Гродне і некаторых іншых гарадах краіны. Праваахоўныя органы сітуацыю пакуль не каментуюць. Нагадаем, год таму на вуліцы Мінска выйшлі дзясяткі тысяч людзей, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Паводле звестак ЦВК, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавала 79,65% выбаршчыкаў, у той час як астатнія дзевяць кандыдатаў не набралі нават 3%. Мітынг апазіцыі быў жорстка разагнаны сілавікамі. Падставай для разгону стала правакацыя, наладжаная групай невядомых, якія пачалі граміць дзверы ў Доме ўрада. Было затрымана каля 700 чалавек, у ліку якіх апынуліся восем кандыдатаў у прэзідэнты і выпадковыя прахожыя. Пазней Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што асабіста кіраваў дзеяннямі сілавікоў. Большасць затрыманых былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі на тэрмін да 15 сутак. Па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ў якасці абвінавачваных праходзіла больш за 40 чалавек. Абвінавачанне, у прыватнасці, было прад`яўлена шасці кандыдатам у прэзідэнты. Пяцёра з іх прайшлі праз суд, прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення або абмежавання волі. Самыя жорсткія прыгаворы атрымалі Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч — пяць і шэсць гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Яны дагэтуль знаходзяцца ў няволі, у той час як амаль усе астатнія асуджаныя па справе аб масавых беспарадках памілаваныя на падставе ўказаў прэзідэнта. Шостаму ўдзельніку прэзідэнцкай гонкі, Алесю Міхалевічу, удалося ўцячы за мяжу неўзабаве пасля таго, як яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Міхалевіч атрымаў палітычнае прыстанішча ў Чэхіі. Назіральнікі АБСЕ, незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заявілі пра масавыя фальсіфікацыі і парушэнні як падчас перадвыбарнай кампаніі, так і працэдур галасавання і падліку галасоў. Міжнародная супольнасць не прызнала вынікі выбараў, асудзіла жорсткія дзеянні ўлад у дачыненні да апазіцыі і працягвае патрабаваць безумоўнага вызвалення ўсіх палітзняволеных. Еўрасаюз пашырыў санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска.

БелаПАН