Сёння — гадавіна падзей 19 снежня 2010 года

Роўна год таму ў Беларусі прайшлі выбары прэзідэнта, што завяршыліся жорсткім разгонам апазіцыйнага мітынгу і арыштам прадстаўнікоў дэмсіл, у тым ліку палітыкаў, якія прэтэндавалі на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Кандыдатамі ў прэзідэнты, нагадаем, былі зарэгістраваны 10 чалавек. Удзел у выбарах узялі 90,65% выбаршчыкаў. Паводле даных Цэнтравыбаркама, Аляксандр Лукашэнка атрымаў 79,65% галасоў, у той час як астатнія кандыдаты не набралі нават трох працэнтаў: Рыгор Кастусёў — 1,97% галасоў; Аляксей Міхалевіч — 1,02%; Уладзімір Някляеў — 1,78%; Яраслаў Раманчук — 1,98%; Віталь Рымашэўскі — 1,09; Андрэй Саннікаў — 2,43%; Мікалай Статкевіч — 1,05%; Віктар Цярэшчанка — 1,19%; Дзмітрый Ус — 0,39%. Вечарам 19 снежня ў цэнтр Мінска, адгукнуўшыся на заклік кандыдатаў у прэзідэнты ад апазіцыі, выйшлі дзясяткі тысяч выбаршчыкаў, не згодных з афіцыйнымі вынікамі выбараў. Спачатку людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, а затым па праспекце Незалежнасці пайшлі да Дома ўрада, у будынку якога размешчаны Цэнтрвыбаркам. Мітынг на плошчы Незалежнасці быў разагнаны. Супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў дзейнічалі жорстка, з прымяненнем сілы: многія ўдзельнікі акцыі былі збітыя. Пазней Аляксандр Лукашэнка не раз заяўляў, што асабіста кіраваў у той вечар дзеяннямі сілавікоў. Пасля выбараў прэзідэнта ў Мінску затрымалі прыкладна 700 чалавек, у ліку якіх апынуліся практычна ўсе кандыдаты ў прэзідэнты (за выключэннем Віктара Цярэшчанкі), а таксама выпадковыя прахожыя. Большасць затрыманых былі пакараны адміністрацыйнымі арыштамі на тэрмін да 15 сутак. Па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску ў якасці абвінавачваных праходзіла больш за 40 чалавек. Абвінавачанне, у прыватнасці, было выстаўлена шасці кандыдатам у прэзідэнты. Пяцёра з іх прайшлі праз суд, былі прызнаны вінаватымі ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках і прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення або абмежаванні волі. Самыя жорсткія прыгаворы атрымалі Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч — пяць і шэсць гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Яны дагэтуль знаходзяцца ў няволі, у той час як амаль усе астатнія асуджаныя па справе аб масавых беспарадках памілаваны на падставе ўказаў прэзідэнта. Шостаму затрыманаму ўдзельніку прэзідэнцкай гонкі, Алесю Міхалевічу, удалося ўцячы за мяжу неўзабаве пасля таго, як яго выпусцілі са следчага ізалятара КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Міхалевіч атрымаў палітычны прыстанак у Чэхіі. Назіральнікі АБСЕ, незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заявілі пра масавыя фальсіфікацыі і парушэнні як падчас перадвыбарнай кампаніі, так і галасавання і падліку галасоў. Міжнародная супольнасць не прызнала вынікі выбараў, асудзіла жорсткія дзеянні ўлад у адносінах да апазіцыі і працягвае патрабаваць безумоўнага вызвалення ўсіх палітзняволеных. Еўрасаюз пашырыў санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Напярэдадні гадавіны падзей 19 снежня 2010 года БелаПАН папрасіў удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі адказаць на тры пытанні: Ці не шкадуюць яны, што пайшлі на выбары? Што цяпер яны б зрабілі інакш? Што прынёс мінулы год уладзе, апазіцыі, эканоміцы і народу Беларусі ў цэлым? Рыгор Кастусёў (кандыдат ад Партыі БНФ) не шкадуе, што пайшоў на выбары. "Мы разумелі, што так проста Лукашэнка ўладу не аддасць, што ён будзе за яе трымацца да апошняга. Удзел у выбарчай кампаніі Партыі БНФ, як самастойнай сілы, дапамог падняць на новую вышыню асноўныя пытанні, якія мы заўсёды адстойвалі. Найперш гэта пытанне аб захаванні незалежнасці краіны. Партыя здолела даказаць, што беларуская нацыянальная ідэя жывая", — лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты. Сёння, паводле яго слоў, зразумела, што сёе-тое можна было б "памяняць, зрабіць па-іншаму". "Пэўна, я б дамогся ад іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі, з якімі мы супрацоўнічалі, больш адказнага выканання дамоўленасцяў. Па-другое, я б зрабіў усё, каб не дапусціць на плошчу некаторых людзей, якіх лічу правакатарамі", — заявіў Кастусёў. Мінулы год быў "вельмі цяжкім" для яго асабіста і Партыі БНФ у цэлым. "Мы заўсёды выступалі абаронцамі нацыянальных інтарэсаў грамадзян. На жаль, інтарэсы беларускага народа ўрад абараніць не змог. Гэта выказалася ў тым, што ўзровень жыцця рэзка ўпаў. Акрамя таго, Беларусь у эканамічным плане саступіла свае інтарэсы Расіі", — сказаў палітык.

Алесь Міхалевіч "прывык адказваць за свае рашэнні", таму "ні пра што не шкадуе". "Спадзяюся, што, нягледзячы на велізарныя праблемы (націск на сям`ю, турэмнае зняволенне, вымушаны выезд за мяжу), усё скончыцца пазітыўна як для краіны ў цэлым, так і для мяне і маёй сям`і", — заявіў ён. З пазіцыі сённяшняга дня Міхалевіч "значна лепш падрыхтаваўся б да кампаніі". У прыватнасці, лічыць ён, "да выступлення на тэлебачанні трэба было падыходзіць больш сур`ёзна". "Гэта першы год за шмат гадоў, калі грамадзянская супольнасць паказала сваю сілу, — лічыць экс-кандыдат. — Пачынаючы з маёй прэс-канферэнцыі (на якой ён расказаў пра катаванні ў СІЗА КДБ. — БелаПАН.), праз акцыю "Стоп-бензін" і да маўклівых пратэстаў. Мы ўпершыню былі "заканадаўцамі палітычнай моды", улада была вымушана рэагаваць на нашы выклікі. Эканамічны крызіс толькі пагоршыў праблемы ўлады і стварыў добрыя перадумовы для змены сітуацыі".  Уладзімір Някляеў таксама не шкадуе, што ўдзельнічаў у прэзідэнцкай кампаніі. "Нават калі б абышлося яшчэ большай цаной, я ўсё адно зрабіў бы тое ж самае", — сцвярджае ён. Паводле слоў палітыка, сёння 19 снежня "прайшло б па-іншаму". "Тады была зроблена стратэгічная памылка, якая прывяла да паражэння не толькі кампаніі "Гавары праўду!" (лідарам якой з`яўляецца Някляеў. — БелаПАН.), але і ўсёй апазіцыі. Я зыходзіў з таго, што ўлада не дапусціць брутальных сілавых дзеянняў, што гэта не ў яе інтарэсах у сувязі з палітыкай, якая праводзілася ў два гады, што папярэднічалі кампаніі, і якая была скіравана ў бок Еўрасаюза. Калі б мы чакалі сілавыя дзеянні, мы б да іх рыхтаваліся, усё рабілі б зусім па-іншаму, бо ў народзе таксама ёсць сіла. Адна справа — рыхтаваць людзей да мірнай дэманстрацыі, іншая — да супрацьдзеяння. Гэта розныя стратэгіі". Паводле меркавання Някляева, "нічога добрага мінулы год нікому не прынёс". "19 снежня была зроблена стратэгічная памылка не толькі апазіцыі, але і першым чынам улады. Памылка прывяла да распачатай эканамічнай анексіі Беларусі, якая можа прывесці да страты незалежнасці. У гэтым годзе апазіцыя і ўлады павінны былі прыкласці максімальныя сумесныя намаганні, каб гэтага не дапусціць. Апазіцыя прапанавала ўладзе гэтыя сумесныя намаганні, але апошняя ад іх адмовілася", — адзначыў экс-кандыдат. Яраслаў Раманчук таксама не шкадуе, што пайшоў на выбары. "Заўважу, што гаворка ідзе найперш пра прэзідэнцкую кампанію. У момант прыняцця рашэння мы з калегамі (па Аб`яднанай грамадзянскай партыі. — БелаПАН.) ацанілі ўсе фактары. Прадстаўленне мільёнам выбаршчыкаў пазітыўнай альтэрнатывы для Беларусі, мая перадвыбарная праграма "Мільён новых працоўных месцаў", — вось што ўваходзіла ў мае планы. Задачу выканаў спаўна. Пераканаўся, што беларусы разумеюць і прымаюць ліберальныя ідэі. Яны ў гэтым плане значна апярэдзілі наш урад". Першае, што зрабіў бы Раманчук з пазіцыі сённяшняга дня, — "быў бы больш крытычным да абяцанняў і дзеянняў палітычных навічкоў, якія выступілі з прэтэнзіяй на лідарства ў дэмакратычнай частцы грамадства". "Другое — быў бы больш настойлівым у высвятленні ключавога пытання кампаніі аб планах сваіх калег на Плошчу. Пра гэта трэба было гаварыць ва ўвесь голас да 19 снежня. Празмерная сакрэтнасць утойвала арганізацыйны правал. Яны ўзялі на сябе адказнасць — і трапілі ў сеткі чужых сцэнарыяў. За іх палітычны інфантылізм і празмерныя амбіцыі мы ўсе, і яны ў тым ліку, заплацілі і працягваем плаціць занадта высокую цану. Трэцяе — я б заклікаў людзей не хадзіць на плошчу Незалежнасці. Весці ў пастку людзей, якія нічога не падазравалі, ставіць пад пагрозу жыцці людзей, у тым ліку свае, для мяне непрымальна. Нарэшце, трэба было прыкласці больш намаганняў, каб пераканаць канструктыўных кандыдатаў у прэзідэнты кансалідавацца пад канкрэтнай пазітыўнай праграмай, а не засяроджвацца на асобе дзейнага кіраўніка дзяржавы", — лічыць Раманчук. Мінулы год ён называе "годам адплаты за памылкі". "Апазіцыя заплаціла вельмі дарагую цану: арышты і прыгаворы людзей, разгон арганізацый, татальная атмасфера недаверу, блакаванне рацыянальнай здольнасці аналізаваць факты, траплянне ў палон узаемна супярэчных тэорый змовы. Эканоміка стала на некалькі крокаў бліжэй да дэфолту. Беларускаму народу чарговым разам пстрыкнулі па носе. Асабліва тым 45—48% людзей, якія яшчэ ў сярэдзіне 2011 года лічылі, што ў Беларусі праходзяць дэмакратычныя выбары, што ў нас ёсць незалежны суд. Усё больш грамадзян бачыць узаемасувязь паміж тым, як яны галасуюць на выбарах і які ўзровень дабрабыту ў выніку атрымліваецца. Шок адаптацыі да папулізму працягваецца. На жаль, кожны перажывае і пражывае яго пераважна ў сябе на кухні", — адзначыў экс-кандыдат у прэзідэнты. Не шкадуе пра свой удзел у выбарах і Віталь Рымашэўскі, якога вылучалі хрысціянскія дэмакраты. "Калі абранне адзінага кандыдата стала немагчымым, удзел у выбарах быў неабходны. Думаю, мой удзел у выбарах як кандыдата ад аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" сябе апраўдаў і падчас выбараў, і на плошчы 19 снежня", — лічыць палітык. Паводле яго меркавання, трэба было раней пачынаць выбарчую кампанію. "Мы яе пачалі ў верасні, гэта быў самы позні старт кандыдатаў. Мы занадта доўга лічылі, што можна будзе дамовіцца пра адзінага кандыдата з іншымі палітычнымі сіламі. Па-другое, трэба было больш браць ініцыятывы на сябе як падчас падрыхтоўкі плошчы, так і на ёй. Калі не было агульнага сцэнарыя, то трэба было абвясціць свой. Безумоўна, улада рыхтавала правакацыі. Але маральная адказнасць за тое, што адбылося 19 снежня на плошчы, таксама ляжыць і на кандыдатах у прэзідэнты", — падкрэсліў Рымашэўскі. Мінулы год, лічыць ён, быў складаным для апазіцыі. "Улада паспрабавала нас знішчыць, але мы выстаялі. Цяпер уладам будзе практычна немагчыма выйсці на той узровень палітычнага прызнання, які быў да 19 снежня. Эканамічны крызіс Беларусь без падтрымкі Захаду, міжнародных фондаў не зможа пераадолець. Адказнасць на гэтым ляжыць выключна на беларускіх уладах. Кірунак на здачу незалежнасці, адчайны рух у бок Расіі — гэта таксама вынік іх палітыкі. Мінулы год быў для апазіцыі цяжкім, а для ўлад — катастрафічным", — перакананы Рымашэўскі. Старшыня савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктар Цярэшчанка "ні ў якой меры" не шкадуе пра свой удзел у выбарах. "Ілюзій у мяне не было, я балатаваўся кандыдатам у прэзідэнты не з-за асабістых амбіцый, а імкнуўся данесці да выбаршчыкаў разуменне, што ў выпадку захавання цяперашняй грашова-крэдытнай і падатковай палітыкі краіну чакае чарговая, яшчэ больш глыбокая дэвальвацыя ўжо вясной 2011 года. Сёння ясна бачу, што не памыліўся тады ні ў прагнозах, ні ў рэальнасці сваёй праграмы", — заявіў ён. "Мне трэба было б зрабіць усё магчымае, каб у межах закона данесці праграму ў кожную паштовую скрыню, значна больш сустракацца з людзьмі на месцах, — лічыць Цярэшчанка. — Калі б я вырашыў і гэтыя задачы, то, думаю, праграму зразумелі б тады лепш. Асабліва яе успомнілі б сёння, пасля чарговай, амаль трохразовай дэвальвацыі рубля, пры рэзкім падзенні рэальных даходаў насельніцтва і росце цэн у краіне". Ацэньваючы мінулы год, экс-кандыдат у прэзідэнты адзначыў: "Ніводнае з пасольстваў не пакінула Беларусь, працягваецца ратацыя паслоў з уручэннем прэзідэнту даверчых грамат. У цэлым эканоміка краіны сёння працуе, выплачваюцца пенсіі і дапамогі. У грамадстве зацішша і пакуль спакой. Пытанне толькі, як доўга гэта будзе? Урад бачыць выратаванне краіны ў замежных пазыках і прыцягненні замежнага капіталу. Я лічу гэта стратэгіяй адсталых дзяржаў, якая можа прывесці да калапсу цэн, продажу важных аб`ектаў нацыянальнай эканомікі, зрабіць насельніцтва краіны самай таннай працоўнай сілай у Еўропе", — сказаў Цярэшчанка. Дзмітрый Ус, дырэктар мінскага выдавецтва "Трывіум" не шкадуе пра свой удзел у выбарах, бо лічыць, што "часткова выканаў" задачу, якую перад сабой ставіў: "Я хацеў расказаць людзям, што выбары — гэта шоу, якое ладзяць ўлады, каб легалізаваць свае правы. Народ нічога не вырашаў і цяпер не вырашае". Калі б Ус удзельнічаў у выбарах сёння, ён нічога не стаў бы мяняць. Нічога добрага, паводле меркавання Уса, мінулы год не прынёс: "Ён прынёс непрызнанне выбараў Еўропай, націск з боку Расіі на Беларусь, эканамічныя санкцыі, дэфолт беларускага рубля і эканомікі. У турмах паводле ліпавых абвінавачанняў працягваюць сядзець палітзняволеныя". Марына Адамовіч, грамадзянская жонка зняволенага кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, упэўнена, што ён не шкадуе пра свой удзел у выбарах: "Ён не такі чалавек, каб шкадаваць пра свае ўчынкі". Пры гэтым яна лічыць, што сёння Статкевіч, "напэўна, штосьці зрабіў бы інакш". "Думаю, у яго ёсць пытанні да іншых удзельнікаў выбарчай кампаніі", — выказала меркаванне Марына Адамовіч. Яна адзначыла, што ў дачыненні да Статкевіча "склалася вельмі асаблівая інфармацыйная сітуацыя". "Уся ацэначная інфармацыя з яго боку поўнасцю блакуецца. Ёсць толькі два лісты, якія былі дастаўлены на волю праз трэція рукі", — сказала Адамовіч. Ірына Халіп, жонка яшчэ аднаго зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, не стала выказваць меркаванні, як бы ён ацаніў сёння падзеі гадавой даўнасці. "Мы вельмі даўно не маем магчымасці нават пісаць адзін аднаму, не гаворачы ўжо пра тое, каб размаўляць адзін з адным", — сказала Халіп.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение