У Мінску аб`яўлены збор сродкаў для выплаты Алесем Бяляцкім урону, вызначанага судом

Беларускія праваабарончыя арганізацыі аб`явілі збор сродкаў для выплаты сумы, якую павінен заплаціць Алесь Бяляцкі па пастанове суда. Пра гэта аб`яўлена на прэс-канферэнцыі ў Мінску 15 снежня. Згодна з рашэннем суда Бяляцкі павінен выплаціць 757 млн. 526 тыс. 717 рублёў (каля 90 тысяч долараў) у якасці ўрону, нанесенага злачынствам, у якім яго абвінавацілі.

Як гаворыцца ў абнародаванай заяве, гэту суму важна ўнесці да разгляду касацыйнай скаргі на прыгавор Першамайскага раёна сталіцы ў Мінскім гарадскім судзе. Дата разгляду пакуль не вызначана. "З мэтай найхутчэйшага вызвалення Алеся Бяляцкага або як мінімум змены яму меры стрымання або змягчэння надзвычай жорсткага прыгавору мы пачынаем кампанію па зборы сродкаў", — гаворыцца ў заяве. Праваабаронцы просяць неабыякавых людзей адгукнуцца як мага хутчэй, на працягу бліжэйшых некалькіх тыдняў, каб гэта магло паўплываць на пастанову касацыйнай інстанцыі. "Сума, якую неабходна ўнесці, сапраўды вельмі вялікая, аднак пасільная, калі беларускае грамадства праявіць свае найлепшыя якасці — салідарнасць, адказнасць і імкненне да справядлівасці", — мяркуюць праваабаронцы. Пры гэтым яны падкрэсліваюць: "Пералічэнне гэтых грашовых сродкаў не з`яўляецца знакам прызнання віны Алесем Бяляцкім — гэта толькі наша салідарная акцыя, скіраваная на вызваленне незаконна асуджанага праваабаронцы". Для пералічэння грошай адкрыты дабрачынны рахунак у банку. Рэквізіты будуць абнародаваныя крыху пазней.

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Міжнародная дэмакратычная грамадскасць, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых краін лічаць вынесены праваабаронцу прыгавор палітычна матываваным і патрабуе ад улад Беларусі безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага. Зараз асуджаны праваабаронца ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Жодзіна.

Сяргей Пульша, БелаПАН