КДБ захавае ў сябе тэрарызм, кантрабанду і здраду радзіме

Сёння Палата прадстаўнікоў ухваліла ў другім чытанні законапраект аб Следчым камітэце Беларусі.

Нягледзячы на стварэнне новай структуры, «пэўныя катэгорыі крымінальных спраў — злачынствы супраць міру, бяспекі чалавечнасці, шпіянаж, тэрарызм, кантрабанда, здрада дзяржаве, дыверсія, выдаванне дзяржаўнай альбо службовай таямніцы ды іншыя — застаюцца за следчымі Камітэта дзяржаўнай бяспекі», — сказаў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы генерал Ігнацій Місурагін:

У сувязі са стварэннем Следчага камітэта скасоўваецца следчы апарат у органах Пракуратуры, унутраных справаў і дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Цяпер папярэдняе следства па ўсім крымінальным справам будуць праводзіць толькі следчыя Следчага камітэта і КДБ.

Гэты законапраект накіраваў у Палату прадстаўнікоў Аляксандр Лукашэнка 15 лістапада. 28 лістапада яго ўхвалілі ў першым чытанні, а сёння ў другім. Мяркуецца, што заўтра яго разгледзіць Савет Рэспублікі. Такі тэмп праходжання дакумента тлумачыцца тым, што закон хочуць увесьці ў дзеянне з 1 студзеня 2012 года. Радыё Свабода