Беларускія студэнты атрымаюць магчымасць бясплатна вучыцца ва ўніверсітэтах Еўропы

Вялікая праграма фінансавання адукацыі беларусаў запускаецца пры падтрымцы Еўрасаюзу і скандынаўскіх краін. У яе рамках кожны грамадзянін Беларусі зможа атрымаць стыпендыю на навучанне ў бакалаўрыяце альбо магістратуры фактычна любога ўніверсітэта ЕС. Ініцыятары праграмы спадзяюцца, што па сканчэнні адукацыі стыпендыяты будуць вяртацца ў Беларусь і гэта зблізіць нашу краіну з Еўропай.

Праграму фінансуе Еўрасаюз, а ажыцьцяўляе «Паўночная рада» — Рада міністраў замежных справаў скандынаўскіх краін. Стыпендыя «Адкрытай Еўропы» пакрые ўвесь кошт навучання ў выбраным універсітэце. Акрамя таго, студэнту будзе выдавацца грант на падарожныя выдаткі ў памеры 800 еўра на год, а таксама 1 000 еўра штомесяц на пражыванне.

Гэтага цалкам дастаткова, каб камфортна жыць у часе навучання. Хопіць і на пакойчык, і на пракорм. Для параўнання: сярэдні заробак у Беларусі на сёння складае каля 230 еўра, або ў 4 разы менш. Таму раней магчымасць вучыцца ва ўніверсітэтах Еўропы (акрамя ЕГУ і Праграмы Каліноўскага), мела толькі моладзь з самых багатых сем’яў і дзеці карумпаванай часткі чыноўнікаў.

Права на стыпендыю будуць мець толькі грамадзяне Беларусі.

Заяўкі будуць разглядацца ад абітурыентаў усіх спецыяльнасцяў, але прыярытэт будзе нададзены праву, эканоміцы і сацыяльным навукам, бізнэс-адукацыі, біялогіі, медыцыне, інжынерыі.

Падача заяўкі на паступленне ва ўніверсітэт і на стыпендыю — два асобныя працэсы. Універсітэты прымаюць студэнтаў у залежнасці ад іх акадэмічных здольнасцяў і ведання мовы, у той час як стыпендыі будуць вылучацца на аснове матывацыі. Карацей,

малады чалавек мусіць сам дабіцца прыёму ва ўніверсітэт, а тады ўжо скандынаўскі фонд яму аплаціць навучанне і пражыццё. Гэта робіцца, каб адсячы бяздарных шукальнікаў грантаў.

Падаваць заяўку на атрыманне стыпендыі можна яшчэ да залічэння ва ўніверсітэт, але канчатковае рашэнне прымаецца пасля паступлення.

Каб атрымаць стыпендыю, трэба:

1. Абраць ад аднаго да трох універсітэтаў і праграму згодна з вашымі зацікаўленнямі. Калі вы абіраеце два ўніверсітэты, то яны павінны быць у розных краінах (калі тры, то два могуць быць у адной краіне).

2. Запоўніць анлайн форму на атрыманне стыпендыі на сайце праграмы і даслаць да 16 снежня 2011. Формы заяўкі, якія паступяць пазней за дату дэдлайну, будуць перанесеныя на наступны перыяд размеркавання стыпендый.

3. Кандыдаты, якія пройдуць папярэдні адбор, будуць запрошаныя на інтэрв’ю ў Вільню. Яно мае адбыцца з 2 да 13 лютага 2012.

Інфармацыя пра ўмовы удзелу, крытэры адбору, працэдуры запаўнення і падачы заяўкі месціцца на сайце праграмы OESS.

Штуршок гэтай стыпендыяльнай праграме дала Плошча 2010 года. Гэтаксама як Плошча 2006 года дала жыццё Праграме Каліноўскага.

Еўропа шукала, якім чынам дапамагчы Свабоднай Беларусі, і прыдумала вось такі інструмент для моладзі. Ахвярнасць удзельнікаў Плошчы, якія данеслі да свету свой «крык, што жыве Беларусь», дала беларускім юнакам — незалежна ад іх палітычных поглядаў — шанец на еўрапейскую адукацыю.

Ужо сёння колькасць беларусаў, якія навучаюцца ў еўрапейскіх універсітэтах, дасягнула гістарычнага максімуму. А запуск новай праграмы дазволіць гэтую лічбу яшчэ павялічыць. Прычым беларусы будуць трапляць не толькі ў ВНУ Польшчы і Літвы, а і ў самыя якасныя ўніверсітэты Заходняй Еўропы.

Пытанне толькі, ці жыццё будзе спрыяць, каб сучасныя Скарыны вярталіся на радзіму.

Маючы еўрапейскі дыплом і веданне мовы, звыклыя да 1000-еўравых стыпендый, ці не выберуць яны працяг кар’еры па месцы вучобы, а не нараджэння?

Наша Ніва


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение