Вырак Алесю Бяляцкаму: 4,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці

24 лістапада судзьдзя Сяргей Бандарэнка павінен абвесьціць прысуд кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму.

11.37 Адвакат Зьміцер Лаеўскі адмовіўся камэгтаваць прысуд. Аднак ён заявіў, што абавязкова будзе абскарджваць прысуд. 11.34 Людзі крычаць «Ганьба!»  Бяляцкі пасьпеў крыкнуць «Жыве Вясна!» 11.30 Судзьдзя: Чатыры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Маёмасьць абвінавачанага, у тым ліку і зарэгістраваную на іншых асобаў, адабраць дзеля выкананьня прысуду. Паводле рашэньне суду, Бяляцкі мусіць сплаціць 721 мільёнаў стратаў і 36 мільёнаў дзяржаўнай пошліны. 11.00 Паседжаньне пачалося. Судзьдзя Сяргей Бандарэнка чытае прысуд. На просьбу Бяляцкага зачытваецца ўвесь прысуд. А выніковая частка будзе перакладацца на беларускую мову. Судзьдзя чытае: суд устанавіў ухіленьне Бяляцкага ад падаткаў, зачытвае тыя ж лічбы атрыманых ім прыбыткаў, што і называліся пракурорам. Судзьдзя чытае скарагаворкай. Ён запавольвае чытаньне толькі на лічбах. Судзьдзя пераказвае паказаньні Бяляцкага, які не прызнаў сваю віну і заявіў, што выкарыстоўваў грошы на праваабрончую дзейнасьць, яны не былі ягоным прыбыткам. Суд прызнаў віну даказанай.

Тацяна Равяка дастала вялікі плакат "Свабоду Бяляцкаму" з партрэтам правабаронцы за кратамі. Ахова і судзьдзя ніяк не рэагуюць. Равяка павярнула плякат, каб бачылі ва ўсіх кутках залі. На плакаце напісана: «Свабоду Алесю Бяляцкаму, віцэ-прэзыдэнту міжнароднай федэрацыі правоў чалавека».

Прысуд фактычна паўтарае абвінавачваньне, раней агучанае пракурорам. З залі патрабуюць, каб судзьдзя чытаў больш выразна. Судзьдзя не рэагуе. "Суд лічыць, што магчымае толькі пазбаўленьне волі з канфіскацыяй і не знаходзіць магчымасьці больш мяккага пакараньня." 10.56 Уся заля махае Алесю Бяляцкаму рукамі. Людзі кажуць: «Мы цябе вельмі любім». Бяляцкі адказвае: «Я вас таксама».

10.55 Месцаў усім не хапіла. Многія стаяць у праходах. Прыйшлі таксама: былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў, праваабаронца Людміла Гразнова, літаратар Алесь Пашкеквіч і Эдуард Акулін. 10.40 У залі суду – кіраўнікі дыпляматычных місіяў ЗША, Францыі, Вугоршчыны і Нямеччыны, праваабаронцы зь Беларусі, Расеі і Францыі. Дзясяткі фота- і відэакамэраў. Прыйшла Натальля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага. Першы шэраг занялі дыпляматы і сваякі. 10.30 Пачалі запускаць у судовую залю. Ля дзьвярэй сябралася прыкладана сотня чалавек. 10.00 Ля суду пачынаюць зьбірацца людзі. Тут ўжо прыкладна 50 чалавек. Шмат журналістаў. Побач дзяжураць 2 аўтобусы зь міліцыянтамі і людзьмі ў цывільным. 23 лістапада пракурор Сайкоўскі папрасіў пакараць Бяляцкага 5 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму і сканфіскаваць маёмасьць. Адвакат Лаеўскі папрасіў цалкам апраўдаць падабароннага. А сам Бяляцкі заявіў, што ня лічыць сябе вінаватым і што справа супраць яго палітычна матываваная.

Радыё Свабода