Лукашэнка падпісаў Беларусь у чарговы саюз

Мядзведзеў, Лукашэнка і Назарбаеў падпісалі дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. У дэкларацыі бакі заявілі аб пераходзе да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва — Адзінай эканамічнай прасторы.

У дакуменце падкрэслена, што далейшае развіццё інтэграцыі трох краін адказвае іх нацыянальным інтарэсам, спрыяе рашэнню якія стаяць перад імі агульных задач па павышэнню дабрабыту і якасці жыцця грамадзян, ўстойліваму сацыяльна-эканамічнаму развіццю, усебаковай мадэрнізацыі і ўзмацненню нацыянальнай канкурэнтаздольнасці ў рамках глабальнай эканомікі.

У дэкларацыі таксама заяўлена аб імкненні бакоў завяршыць да 1 студзеня 2015 г. кадыфікацыю міжнародных дагавораў, якія складаюць нарматыўна-прававую базу Мытнага саюза і АЭП, і стварыць на гэтай аснове Еўразійскі эканамічны саюз, які будзе адкрыты для далучэння іншых дзяржаў, якія падзяляюць мэты і прынцыпы саюза і гатовых да іх рэалізацыі.

* * *

«Да падпісання ў ходзе сустрэчы рыхтуецца дэкларацыя аб Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. У гэтым дакуменце заяўляецца аб пераходзе да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва — адзінай эканамічнай прасторы… У якасці канчатковай мэты ў дэкларацыі абвяшчаецца стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза», — цытуе «Інтэрфакс» крыніцу ў Крамлі.

Дзмітрый Мядзведзеў 17 лістапада ў Маскве на сустрэчы з пенсіянерамі і ветэранамі заявіў: «Заўтра, спадзяюся, падпішам пагадненне, якое датычыцца далейшай эканамічнай інтэграцыі, стварэння сумеснай структуры, якая будзе гэтым займацца», — цытуе Мядзведзева РІА «Навіны».

Мядзведзеў падкрэсліў: кожная краіна, якая захоча далучыцца да Мытнага саюза, адзінага эканамічнай прасторы і ЕўрАзЭС, павінна зрабіць гэта свядома. «Каб не казалі, што яе туды загналі пад уплывам нейкіх эканамічных аргументаў», — дадаў Мядзведзеў.

Па яго меркаванні, у саюза трох дзяржаў вялікая будучыня. «Мы і так блізкія, але станем зусім блізкія», — прагназуе расійскі лідар.

На сустрэчы мяркуецца таксама абмеркаваць пытанні ўдасканалення наднацыянальных органаў кіравання інтэграцыйнымі працэсамі ў часе стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза.

Паводле звестак прэс-службы кіраўніка Беларусі, Аляксандр Лукашэнка выправіўся ў Маскву 17 лістапада.

У пачатку кастрычніка стварыць Еўразійскі саюз прапанаваў прэм’ер і — ніхто не сумняецца — будучы прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У сваім артыкуле Пуцін разважаў пра тое, што Расея, Беларусь і Казахстан павінны стварыць саюз. Пазней у «Ізвестіях» выйшаў таксама кампліментарны артыкул Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі, хоць і адзначыў там непарушнасць суверэнітэту Беларусі, прысягаў у вернасці Маскве.

У Расіі будучы саюз бачаць як форму пашырэння Расіі.

17 лістапада, напярэдадні візіту Лукашэнкі, перспектывы стварэння Еўразійскага саюза абмяркоўвалі на канферэнцыі «Адзінай Расеі» у Дзярждуме.

Гаворачы аб перспектывах Еўразійскага саюза, дэпутаты Дзярждумы Уладзімір Мядзінскі і Роберт Шлегель выкарыстоўвалі тэрмін «вялікая краіна».

Шлегель канкрэтызаваў: гаворка ідзе менавіта пра стварэнне адзінай Еўразійскай дзяржавы. Мядзінскі падкрэсліў, што такі тэрмін «нармальнаму чалавеку будзе зразумелы».

Іншыя ўдзельнікі сустрэчы настойвалі, што пакуль гаворка павінна ісці пераважна аб эканамічным саюзе, і раілі ўстрымлівацца ад тэрміна «вялікая краіна».

Якія б перспектывы ні чакалі палітычную інтэграцыю, эканамічныя пагадненні, падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам у 2010 годзе, надзейна прымуравалі Беларусь да Расіі.

Мытны саюз адкрыў беларускі рынак для расійскіх тавараў. Ён таксама стаў апошняй кропляй, якая выклікала ў Беларусі фінансавы крызіс. Злітая ў адзін арганізм з сыравіннай Расіяй, беларуская эканоміка атрымлівае ўсе хваробы расійскай, але не мае пры гэтым нафтагазавай падушкі.

З уваходжаннем у Адзіную эканамічную прастору Беларусь страціць стымулы для дыверсіфікацыі крыніц энэрганосьбітаў і мадэрнізацыі энэргасістэмы. За такую прывязку Беларусі да Расіі Крэмль шчодра плаціць Лукашэнку палітычнай падтрымкай і нафтагазавымі зніжкамі.

* * *

Чарнавы праект дэкларацыі аб стварэнні Еўразійскага саюза размешчаны на афіцыйным сайце Мытнага саюза.

У адпаведнасці з гэтым дакументам, стварэнне новага саюза павінна будзе стаць «наступным этапам інтэграцыйнага будаўніцтва» трох краін. А дамову аб яго стварэнні плануецца падпісаць да 1 студзеня 2013 года.

У асноўным тэксце дакумента гаворыцца пра намер дзяржаваў імкнуцца да правядзення ўзгодненай палітыкі ў самых розных сферах: ад забеспячэння «эфектыўна функцыянавання супольнага рынку тавараў, паслуг, капіталу і працоўных рэсурсаў» да «фармавання адзінай прамысловай, транспартнай і энергетычнай палітыкі, паглыбленне вытворчай кааперацыі».

«ЕЭС будзе грунтавацца на прынцыпах захавання агульнапрызнаных нормаў міжнароднага права, уключаючы павагу суверэнітэту і роўнасці дзяржаў, зацвярджэння Асноватворных правоў і свабод чалавека, прававой дзяржавы і рынкавай эканомікі», — абяцаецца ў праекце. У дакуменце адзначаецца, што «ў сваім практычным супрацоўніцтве» бакі «будуць кіравацца нормамі і правіламі Сусветнай гандлёвай арганізацыі», а ўсе краіны — удзельніцы саюза будуць імкнуцца стаць сябрамі СГА.

Краіны будуць імкнуцца да ажыццяўлення ўзгодненай эканамічнай палітыкі і паглыблення супрацоўніцтва ў валютнай сферы, таксама вынікае з праекта. Пазначаны і курс на «паглыбленне работы па пашпартна-візавых пытаннях» і «гарманізацыі іміграцыйнага заканадаўства ў галіне перамяшчэння працоўных рэсурсаў».

Дакумент ужо абмяркоўваўся камісіяй Мытнага саюза 23 верасня. Тады камісія прыняла рашэнне, што праект трэба дапрацаваць і «ўнесці яго для разгляду на чарговае пасяджэнне міждзяржаўнай рады Еўразійскай эканамічнай супольнасці (вышэйшага органа Мытнага саюза) на ўзроўні кіраўнікоў урадаў». Гэтае Пасяджэнне адбылося ў Санкт-Пецярбургу 16 кастрычніка. Дэкларацыя аб фарміраванні саюза была ў ліку падпісаных прэм’ерамі дакументаў.

На дапрацоўку дакумент быў адпраўлены з-за заўваг, прад’яўленых Казахстанам. Сутнасць ўсіх правак праекта зводзіцца да аднаго: Казахстан не згодны з прапанаванай Расеяй і Беларусь назвай «Еўразійскі саюз». Абрэвіятура ЕЭС па ўсім тэксце праекта выпраўленна казахамі на АЭП (адзіную эканамічную прастору).

Наша Ніва