Бяляцкаму нязначна змянілі фармулёўку абвінавачвання. Суд адновіцца 22 лістапада

Перапынак папрасіў адвакат, каб абарона і абвінавачаны маглі азнаёміцца з новым абвінавачваннем.

09.55

Працэс над Алесем Бяляцкім аднаўляецца пасля перапынку. Сёння пракурор паабяцаў прад’явіць новае абвінавачванне, якое будзе значна адрознівацца ад папярэдняга.

Зала суда зноў поўная.

10.00

Пракурор папрасіў перапынкак на 20 хвілін, бо яму не хапіла часу, каб сфармуляваць абвінавачванне. Перапынак да 10.30.

У зале суда прысутнічаюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, праваабаронцы.

10.26

Скончыўся перапынак.

Пракурор зачытвае абвінавачванне. Пералічвае «шкоду, нанесеную Бяляцкім дзяржаве» ад нявыплаты падаходнага падатку. Гэта сотні мільёнаў беларускіх рублёў.

У выніку Алесю Бяляцкаму змянілі фармулёўку абвінавачвання, але яно засталося тым самым.

Арт. 243

1. Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы або шляхам ухілення ад прадстаўлення падатковай дэкларацыі (разліку) або ўнясення ў яе заведама ілжывых звестак, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры, — караецца штрафам, або пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

2. Тое ж дзеянне, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, — караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення.

Адвакат папрасіў перапынак да 22 лістапада, каб абарона і абвінавачаны маглі азнаёміцца з новым абвінавачваннем.

Суддзя падтрымаў хадайніцтва.

Наша Ніва