Лукашэнка падпісаў законы, якія робяць больш жорсткімі ўмовы грамадска-палітычнай дзейнасці ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах і шэраг законаў, якія рэгулююць грамадска-палітычную дзейнасць у краіне.

Абодва дакументы падпісаныя беларускім кіраўніком 8 лістапада, 11 лістапада — зарэгістраваныя ў Нацыянальным рэестры прававых актаў, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі. Законапраекты былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў 3 кастрычніка, у першы ж дзень працы асенняй сесіі, прычым на закрытым пасяджэнні і адразу ў двух чытаннях. У адрозненне ад ніжняй палаты, Савет Рэспублікі абмяркоўваў іх у адкрытым фармаце. Новы закон аб масавых мерапрыемствах узмацняе жорсткасць правілаў іх правядзення. Арганізацыя любога збору грамадзян павінна быць санкцыянаваная ўладамі — гэта датычыцца і флэшмобаў, і збору грамадзян, арганізаванага з выкарыстаннем інтэрнэта. Да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатары не маюць права аб'яўляць, у тым ліку ў інтэрнэце, пра дату, час і месца яго правядзення. Акрамя таго, арганізатарамі не могуць быць асобы, якія дапусцілі парушэнне парадку правядзення такога мерапрыемства на працягу года з часу накладання адміністрацыйнага спагнання. Папраўкі ў заканадаўства, якое рэгулюе грамадска-палітычную дзейнасць, робяць крымінальна каральным замежнае фінансаванне недзяржаўных арганізацый у парушэнне заканадаўства Беларусі. Дакумент забараняе рэспубліканскім і мясцовым грамадскім аб'яднанням, іх саюзам захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя металы і іншыя каштоўнасці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, што знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў. Прадстаўляючы папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах, міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў заявіў: "Яны скіраваныя на забеспячэнне бяспекі не асобнай групы людзей, а ўсяго грамадства". Пры распрацоўцы законапраекта вывучалася аналагічнае міжнароднае заканадаўства і беларускі закон "найбольш дэмакратычны ў параўнанні з дзейнымі ў развітых дэмакратычных краінах", бо ў Беларусі правядзенне масавых мерапрыемстваў нідзе не рэгламентавана, дадаў кіраўнік МУС. Каментуючы пазней законапраект журналістам, Куляшоў падкрэсліў: "Папраўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах абсалютна своечасовыя. Яны скіраваныя не на парушэнне правоў і свабод грамадзян, а на іх дакладнае і няўхільнае выкананне". Паводле слоў кіраўніка МУС, ні ў адной дзяржаве свету правы грамадзян на свабоду правядзення шэсцяў і мітынгаў не рэгламентаваны толькі Канстытуцыяй — іх рэгламентуюць іншыя нарматыўныя і прававыя акты. Галоўны прыярытэт — падтрыманне грамадскага парадку ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў, падкрэсліў Куляшоў. Пры абмеркаванні паправак кіраўнік парламенцкай камісіі па заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Яўген Смірноў звязаў іх з'яўленне з эканамічнай сітуацыяй у краіне. "Кіраўнікі несанкцыянаваных мерапрыемстваў кіруюцца не інтарэсамі свайго народа, — сказаў ён. — Эканамічныя законы развіцця грамадства не заўсёды падпарадкоўваюцца самім людзям, і ніякім урадам з гэтым не справіцца. Выкарыстанне эканамічных цяжкасцяў з'яўляецца адным з інструментаў супрацьстаяння дзейнай уладзе. Менавіта таму і з'явіўся гэты законапраект". Нагадаем, прыняцце гэтых законаў выклікала вялікі рэзананс у грамадстве. Лідары беларускіх НДА і праваабаронцы ў сумеснай заяве заклікалі ўлады адмяніць законапраект. Паводле іх меркавання, папраўкі ў закон "Аб масавых мерапрыемствах" "парушаюць правы грамадзян на мірныя сходы, гарантаваныя як Канстытуцыяй Беларусі, так і базавымі нормамі міжнароднага права, уводзяць адміністрацыйную адказнасць грамадзян за нявінныя дзеянні і бяздзейнасць". Не ўводзіць у дзеянне новыя законы афіцыйны Мінск таксама заклікалі прадстаўнікі міжнароднай грамадскасці, у тым ліку Еўрасаюз і АБСЕ. Паводле іх меркавання, новаўвядзенні ў заканадаўства яшчэ больш абмяжуюць фундаментальныя правы на свабоду сходаў і асацыяцый у Беларусі. Аднак 28 кастрычніка Канстытуцыйны суд Беларусі, які разгледзеў законапраекты "ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю", прызнаў іх законнымі.