Алеся Бяляцкага могуць абвінаваціць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі

Праваабаронцу Алесю Бяляцкаму могуць перакваліфікаваць абвінавачанне з нявыплаты падаткаў на дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, прагназуюць назіральнікі.

Сёння на працэсе па справе Бяляцкага пракурор Уладзімір Сайкоўскі папрасіў суд аб'явіць перапынак у сувязі з тым, што ён мае намер выставіць падсуднаму новае абвінавачанне, якое будзе значна адрознівацца ад цяперашняга. Суд хадайніцтва задаволіў, аб'явіўшы перапынак да 16 лістапада. У інтэрв'ю БелаПАН Павел Сапелка, пазбаўлены сёлета адвакацкай ліцэнзіі за абарону палітзняволеных, адзначыў: "Зыходзячы з практыкі, абвінавачанне перавыстаўляецца ў тым выпадку, калі яно значна адрозніваецца ад ужо выстаўленага абвінавачання. Як правіла — на больш цяжкае. Яно павінна адрознівацца або па аб'ёме, або па кваліфікацыі, як правіла, у горшы бок. Або гэта павінна быць дадатковая кваліфікацыя дзеянняў яшчэ паводле нейкага артыкула. І таксама, як правіла, у горшы бок. Таму аптымістычных прагнозаў у мяне няма". У той жа час былы адвакат не выключае, што Бяляцкаму можа быць выстаўлена абвінавачанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. "Як гэта будзе адбывацца практычна, я сказаць не магу, таму што працэс і без таго мае шмат нечаканасцяў. Напрыклад, пракурор прапанаваў Бяляцкаму зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага праваабаронцы", — сказаў Сапелка. Лідар праваабарончага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" Алег Гулак таксама лічыць, што, мяркуючы па характары пытанняў пракурора на сённяшнім судовым пасяджэнні, не выключана, што Бяляцкаму могуць выставіць новае абвінавачанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. "Безумоўна, у пракуратуры ёсць усе доказы, што праваабарончы цэнтр "Вясна" пасля ліквідацыі працягваў сваю дзейнасць", — дадаў ён. "Мы пачулі ад пракурора шмат пытанняў, якія, на мой погляд, да справы непасрэдна не адносіліся. Але, напэўна, сэнс гэтых пытанняў мы зможам зразумець, калі пракурор перавыставіць Бяляцкаму абвінавачанне", — сказаў Гулак. Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года, былы палітзняволены Аляксандр Казулін адзначыў той факт, што сёння адвакат зачытаў афіцыйны ліст з Мінюста Літвы, у якім сказана: звесткі пра рахункі Бяляцкага, перададзеныя беларускаму боку, не з'яўляюцца сапраўднымі. "У сувязі з гэтым відавочна, што справа не мае ніякай падставы для працягу", — лічыць Казулін. "Пракурор можа дапоўніць абвінавачанне артыкулам пра дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэта больш істотная рэч, якая вынікае з сённяшняга зыходу судовага працэсу. Але відавочна, што па Бяляцкаму будзе вынесены абвінаваўчы прысуд. Гэта занадта відавочна: працэс паказальны, гэта "лупцоўка" за занятак праваабарончай дзейнасцю з намёкам на тое, каб іншым непанадна было", — адзначыў экс-кандыдат. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі абвінавачваецца на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Яму пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Артыкул, згодна з якім яму можа быць перакваліфікавана абвінавачванне, прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да двух гадоў. Праваабарончы цэнтр "Вясна", які ўзначальвае Бяляцкі, дзейнічае з 1998 года. У 1999 годзе ён быў зарэгістраваны як рэспубліканскае праваабарончае грамадскае аб'яднанне, аднак у кастрычніку 2003-га "Вясну" ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. У сакавіку 2004 года цэнтр "Вясна" быў прыняты ў склад Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Беларускія праваабаронцы тройчы спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю, але беспаспяхова.

Сяргей Пульша, БелаПАН